Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭЗ узгадніў новыя крытэры для пятага пакету санкцый супраць беларускага рэжыму


У канцы мінулага тыдня дыпляматы ЭЗ дамовіліся пашырыць крытэры санкцый супраць беларускага рэжыму перад пятым пакетам санкцый, які чакаецца прыблізна ў сярэдзіне лістапада. Неўзабаве пачнецца дадаваньне імёнаў і прадпрыемстваў у санкцыйны сьпіс.

Пра гэта паведамляе брусэльскі карэспандэнт Свабоды Рыкард Юзьвяк, адзначаючы, што, паводле новых узгодненых крытэраў, сьпіс будзе ўключаць:

«Фізычных або юрыдычных асобаў, арганізацыі або органы, адказныя за арганізацыю або дапамогу дзейнасьці рэжыму Лукашэнкі, якая спрыяе: а) незаконнаму перасячэньню вонкавых межаў дзяржавы-сябра; б) кантрабандзе незаконных або небясьпечных тавараў на тэрыторыю дзяржавы-сябра».

Таксама было прынята рашэньне ўнесьці ў санкцыйны сьпіс «астатнія тры буйныя дзяржаўныя банкі». У цяперашнім сьпісе пад санкцыямі знаходзяцца «Беларусбанк», «Белінвестбанк» і «Белаграпрамбанк».

Санкцыі Эўразьвязу супраць рэжыму Лукашэнкі

Эканамічныя сэктаральныя санкцыі

Эканамічныя сэктаральныя санкцыі былі ўведзеныя Эўразьвязам пасьля інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair у Менску 23 траўня 2021 году і наступнага затрыманьня журналіста Рамана Пратасевіча і ягонай партнэркі Соф'і Сапегі, а таксама з прычыны парушэньняў правоў чалавека і рэпрэсій.

У матывацыйнай частцы прынятага рашэньня прыгадваюцца, у прыватнасьці, эскаляцыя сур’ёзных парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі і жорсткія рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці, дэмакратычнай апазыцыі і журналістаў, а таксама асобаў, якія належаць да нацыянальных меншасьцяў.

24 чэрвеня 2021 году Эўразьвяз увёў наступныя абмежавальныя захады:

  • У экспарце і перадачы абсталяваньня, тэхналёгіяў або праграмнага забесьпячэньня, прызначанага для выкарыстаньня ў інтарэсах беларускіх уладаў у маніторынгу або перахопе Інтэрнэту і тэлефоннай сувязі на мабільных або стацыянарных прыладах.
  • У экспарце ў Беларусь тавараў падвойнага прызначэньня для вайсковага выкарыстаньня.
  • У экспарце ў Беларусь тавараў, якія выкарыстоўваюцца для тытунёвых вырабаў.
  • У імпарце ў ЭЗ нафтапрадуктаў з Беларусі.
  • У імпарце ў ЭЗ калійных угнаеньняў з Беларусі,
  • У доступе на фінансавыя рынкі ЭЗ ўраду Беларусі, а таксама беларускім дзяржаўным фінансавым інстытутам і субʼектам.
  • Эўрапейскаму інвэстыцыйнаму банку забаронена фінансаваць праекты ў дзяржаўным сэктары Беларусі.

Санкцыі супраць асобаў і прадпрыемстваў

Раней, на пасяджэньні ў Люксэмбургу 21 чэрвеня 2021 году, міністры замежных спраў Эўразьвязу зацьвердзілі чацьвёрты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі пакет санкцый супраць беларускага рэжыму.

Санкцыйны сьпіс з 78 чалавек і 8 арганізацый, якім замарожваюцца актывы і забараняецца выдача візаў у Эўразьвяз, быў апублікаваны ў афіцыйным часопісе Эўразьвязу, такім чынам ён набывае моц.

Яшчэ раней, у кастрычніку, лістападзе і сьнежні 2020 году Эўразьвяз увёў тры пакеты санкцый супраць уладаў Беларусі. Абмежавальныя захады тычацца афіцыйных асобаў, а таксама некаторых прадпрыемстваў. Агулам у санкцыйным сьпісе тады апынуліся 84 асобы, якім забаронены ўезд у краіны ЭЗ. У сьпіс уваходзіць Аляксандар Лукашэнка, ягоны сын Віктар Лукашэнка, кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына, старшыня КДБ Іван Тэртэль, старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч, генэральны пракурор Андрэй Швед і іншыя сілавікі, а таксама судзьдзі і чальцы выбарчых камісіяў.

Сярод іншага, ЭЗ увёў санкцыі супраць юрыдычных асобаў: ЗАТ «Белтэхэкспарт», «Дана Холдынгз/Дана Астра», Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта Беларусі, ТАА «Сінэзіс», ААТ «АГАТ — электрамэханічны завод», ААТ «140-ы рамонтны завод» і ААТ «Менскі завод колавых цягачоў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG