Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былога старшага сьледчага асудзілі на 1,5 года калёніі за ўдзел у маршах пратэсту


Акцыя пратэсту ў Менску, 23 жніўня 2020
Акцыя пратэсту ў Менску, 23 жніўня 2020

Праваабаронцам стала вядома, што 29 кастрычніка суд Заводзкага раёну Менска пакараў палітвязьня Аляксея Зікеева паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу. Яго прызналі вінаватым у актыўным удзеле ў групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.

32-гадоваму экс-старшаму сьледчаму, які падчас выбарчай кампаніі 2020 году быў у камандзе былога дыплямата і кіраўніка Парку высокіх тэхналёгій Валерыя Цапкалы, прызначылі 1,5 года пазбаўленьня волі ў папраўчай калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Пад вартай Аляксей Зікееў утрымліваўся ад 17 чэрвеня.

Пазоў прадпрыемства «Менсктранс» у памеры 41 тысяча 900 рублёў вылучаны ў асобную грамадзянскую вытворчасьць.

Аляксея Зікеева прызналі вінаватым ва ўдзеле у масавых мерапрыемствах у Менску 16, 23, 30 жніўня і 6 верасьня 2020 году. Згодна з абвінавачаньнем, ён далучыўся да групы грамадзянаў, пляскаў у ладкі, выкрыкваў лёзунгі, перашкаджаў руху транспарту.

Падчас паседжаньня ў якасьці сьведкі выступіў колішні калега абвінавачанага па працы ў Сьледчым камітэце Маскоўскага раёну Менска. Яны не хадзілі на акцыі разам, толькі аднойчы сустрэліся ля Палацу незалежнасьці і сфатаграфаваліся на маршы супраць гвалту. Расказаў, што знаходзілія на зялёнай зоне, людзі былі мірныя, ніхто не кідаў камянёў. Таксама сказаў, што Аляксей Зікееў пасьля выбараў 2020 году крытычна ставіўся да ўлады, але без радыкалізму. Першапрычынай стаў гвалт праваахоўнікаў.

У спрэчках пракурор сказаў, што віна Аляксея Зікеева даказаная цалкам. Ён запрасіў для яго 1,5 гады калёніі, з чым у выніку пагадзіўся судзьдзя.

«За той час, што я знаходзіўся ў СІЗА, я прыйшоў да высновы: няма нічога даражэй за сям’ю. У мяне ёсьць адна просьба: не пазбаўляць мяне свабоды, каб я змог вярнуцца і выхоўваць дзіця, і мне не давялося б тлумачыць яму, чаму яго тата адсутнічаў дома. Я нічога нікому дрэннага не зрабіў, заўсёды аказваў дапамогу», — сказаў Аляксей Зікееў у апошнім слове.

Ягоны абаронца адзначыў, што з боку падабаронцы няма ніводнага доказу парушэньня групавых дзеянняў грамадзка-палітычнага характару, акрамя чатырох сэлфі з тэлефону.

Аляксей Зікееў жанаты, мае 6-гадовага сына. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG