Кірэшчанка адбываў пакараньне ў наваполацкай калёніі, дзе цяпер сядзіць і Віктар Бабарыка.
Жыхара Наваградку затрымалі дома ў ноч на 8 жніўня 2020 году. Яго вінавацілі ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў. Нібыта ён заклікаў да ўжываньня арматуры падчас пратэстаў. Па адной справе зь ім праходзіў яшчэ адзін жыхар Наваградку Ўладзімер Гарох.
Паводле абвінавачаньня, Гарох сустракаўся зь мясцовымі жыхарамі, абмяркоўваў зь імі плян дзеяньняў пасьля выбараў, нібыта рыхтаваў напад на будынкі мясцовых органаў улады.
Абодва мужчыны і па афіцыйнай вэрсіі нічога не зрабілі, толькі рыхтавалі пратэсты. І Гарох, і Кірэшчанка віны не прызналі. Як тлумачыў вызвалены ўжо Кірэшчанка, Гарох проста прасіў яго падвезьці некалькі разоў, сам ён у абмеркаваньнях ня ўдзельнічаў.
Кірэшчанка атрымаў паўтара года калёніі агульнага рэжыму, Гарох — 7 гадоў. Кірэшчанка ўжо адбыў увесь тэрмін пасьля пераліку дзён паводле новага заканадаўства. Некалькі месяцаў ён правёў у СІЗА, дзе 1 дзень залічваецца за паўтара дня калёніі агульнага рэжыму.