Юрый Аляксееў быў адным з самых вядомых расейскамоўных журналістаў і рэдактараў у Латвіі. З 1990 году ён працаваў галоўным рэдактарам у шэрагу дзелавых выданьняў. З 2005 па 2009 год быў дэпутатам Рыскай думы ад аб’яднаньня «За правы чалавека ў адзінай Латвіі».
Цяпер ён галоўны рэдактар сайта Imhoclub.lv. Служба дзяржбясьпекі Латвіі ў сваёй штогадовай справаздачы ўказвала, што сайт «адыгрывае пэўную ролю ва ўмацаваньні расейскага інфармацыйнага ўплыву ў Латвіі», а яго крыніцы фінансаваньня знаходзяцца ў Расеі.
Расьсьледаваньнем ягонай справы ў лістападзе 2017 году занялася Служба дзяржаўнай бясьпекі. Паводле яе зьвестак, з кастрычніка 2016 па сьнежань 2017 году Аляксееў неаднаразова публікаваў камэнтары, якія распальвалі міжнацыянальную варожасьць. Падчас ператрусаў у ягоным доме, як паведамляла спэцслужба, былі знойдзеныя патроны для пісталета, а таксама носьбіты інфармацыі, якія зьмяшчалі дзіцячую парнаграфію.
Аляксееў называе свой крымінальны перасьлед палітычным. Ён адмаўляе, што пісаў камэнтары, якія распальваюць варажнечу, патроны называе падкінутымі і заяўляе, што дзіцячай парнаграфіяй сьледзтва называе фатаграфіі ягоных дзяцей, якія купаюцца. У камэнтары Delfi ён заявіў, што справу супраць яго завялі, каб спалохаць расейскіх журналістаў, якія жывуць у краіне. Ён абскарджвае прысуд і да ўступленьня яго ў сілу застанецца на волі.
У сьнежні 2020 году Служба дзяржбясьпекі Латвіі правяла ператрусы і дапытала семярых журналістаў, якія працуюць на расейскія дзяржаўныя мэдыя, за парушэньне рэжыму санкцыяў. Тады былі распачатыя крымінальныя справы супраць некалькіх аўтараў інтэрнэт-выданьняў Baltnews і «Sputnik Латвія».