27 кастрычніка ў дачыненьні да гісторыка, дасьледчыка масавых рэпрэсій Ігара Кузьняцова пачаўся суд за рэпосты ў сацыяльных сетках паводле артыкула 19.11 КаАП. У той жа дзень Кузьняцова звольнілі з БДУ — не працягнулі кантракт пасьля 23 гадоў працы.
За 1,5 месяца грамадзянін Прохараў напісаў на Кузьняцова 17 заяваў
Паводле кандыдата гістарычных навук, дацэнта БДУ Ігара Кузьняцова, адзін неабыякавы грамадзянін па прозьвішчы Прохараў за паўтара месяца напісаў на навукоўца 17 заяваў у міліцыю.
«Заявы на мяне розныя — пачынаючы ад рэабілітацыі нацызму да процьмы рэпостаў.
Першая заява — калі я рэпосьціў вядомае фота, дзе група воінаў трымае павержаны нацысцкі сьцяг. Прохараў напісаў, што Кузьняцоў прапаведуе нацызм. І другое — нібыта я рэпосьціў нейкі матэрыял Белсату.
Участковы апытаў мяне па першым эпізодзе. Ясная справа, там нічога не было. Але грамадзянін Прохараў напісаў скаргу вышэй, што, маўляў, участковы ня толькі праяўляе ляяльнасьць, а ўступіў у злачынную змову з Кузьняцовым, каб той пазьбег адказнасьці паводле артыкула 19.11», — расказаў навуковец.
Паколькі тэрмін разгляду спраў па першых заявах Прохарава скончыўся, той 3 кастрычніка напісаў на дасьледчыка яшчэ 6 заяў, што Кузьняцоў рабіў рэпосты з сайтаў «Белсату» і Tut.by.
«Але ўсе матэрыялы, якія я рэпосьціў, былі выключна па гісторыі, адукацыі, пра Эўразьвяз, быў выступ прэзыдэнта Польшчы. То бок па зьмесьце там нічога экстрэмісцкага няма. Але паколькі яны былі разьмешчаныя на такіх сайтах, у міліцыі склалі пратакол і накіравалі ў суд Савецкага раёну», — тлумачыць Ігар Кузьняцоў.
Суд доўжыўся 1 хвіліну, справу накіравалі на дапрацоўку
27 кастрычніка адбылося судовае паседжаньне, якое доўжылася роўна адну хвіліну. Судзьдзя адразу паведаміла, што матэрыялы накіраваныя на дапрацоўку ў Савецкае РУУС.
Ігар Кузьняцоў сьцьвярджае, што Прохараў — чалавек рэальны і піша скаргі рэгулярна.
Калі навуковец напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку, што «Прохараў А.А. зьяўляецца інфарматарам», і папярэдзіў, каб людзі «былі пільнымі і асьцярожнымі», грамадзянін Прохараў А.А. падаў чарговую скаргу ў РУУС, каб Кузьняцова прыцягнулі ўжо да крымінальнай адказнасьці.
«Прохараў напісаў, што я яго пакрыўдзіў і назваў інфарматарам, а таксама выклаў пэрсанальныя дадзеныя гэтага Прохарава. Хоць акрамя прозьвішча і ініцыялаў там нічога не было.
Дарэчы, пасьля таго як на Свабодзе ў жніўні 2021 году мы аналізавалі званкі, якія паступілі ў міліцыю летась, Прохараў таксама накатаў заяву, і там была цікавая фармулёўка: «Кузьняцоў аналізуе базу 102, а я зьяўляюся індывідуальным прадпрымальнікам і баюся, што пацярпіць мой бізнэс. Прычым гэты Прохараў піша заявы ня толькі на мяне. Таму я быў вымушаны зьвярнуцца да адваката», — кажа Ігар Кузьняцоў.
Пакуль невядома, калі адбудуцца наступныя судовыя паседжаньні па скаргах Прохарава.
Пасьля 23 гадоў працы БДУ не працягнула кантракт з дацэнтам Кузьняцовым
У той жа дзень, калі адбыўся першы суд, Ігар Кузьняцоў забраў сваю працоўную кніжку з БДУ, дзе адпрацаваў 23 гады. Фармальная прычына — зь ім не працягнулі кантракт.
Паколькі Кузьняцоў дасягнуў пэнсійнага ўзросту, кантракт заключаўся на 1 год. Такі парадак.
Спадар Кузьняцоў расказаў, што ціск на яго пачаўся яшчэ ў чэрвені, пасьля шматлікіх публікацый Мукавозчыка ў «СБ — Беларусь сегодня», а таксама пасьля таго, як навуковец даў некалькі інтэрвію да дня пачатку вайны. 28 чэрвеня яго выклікала дэкан факультэту міжнародных адносін БДУ Алена Дастанка і запатрабавала напісаць заяву аб звальненьні па ўласным жаданьні.
«Я катэгарычна адмовіўся. Пасьля мне заявілі, што кантракт будзе разарваны датэрмінова. Я адказаў: „Назавіце прычыну“. Не знайшлі, да чаго дачапіцца. І вось дачакаліся сканчэньня кантракту — 27 кастрычніка.
Калі я зьвярнуўся да рэктара з просьбай пракамэнтаваць, чаму кантракт са мной ня будзе працягнуты, я атрымаў адказ, што, маўляў, у сувязі з рэарганізацыяй, скарачэньнем аднаго з вашых курсаў (а ён складае 5% нагрузкі выкладчыка на год) і пераразьмеркаваньнем нагрузкі кантракт з вамі працягнуты ня будзе», — кажа гісторык.
Усе фармальныя адказы і адмовы супярэчаць Калектыўнай дамове БДУ
Спадар Кузьняцоў зьвярнуўся і ў камісію па працоўных спрэчках пры прафкаме БДУ. І здарыўся рэдкі выпадак — бакі не прыйшлі да згоды. Прафкам выказаўся супраць звальненьня, а адміністрацыя — за звальненьне.
«То бок прафкам, па сутнасьці, стаў на мой бок з адной простай прычыны: ёсьць юрыдычны дакумэнт — Калектыўная дамова калектыву БДУ і адміністрацыі, і там ёсьць пункт 3.1.9. Калі супрацоўнік БДУ добрасумленна працуе, цягам году ня мае спагнаньняў, кантракт зь ім працягваецца на максымальны тэрмін. То бок усе фармальныя адказы і адмовы супярэчаць Калектыўнай дамове», — кажа Ігар Кузьняцоў.
120 выдадзеных кніг і высокія рэйтынгі
За 23 гады працы на катэдры дыпляматыі і консульскай службы факультэту міжнародных дачыненьняў БДУ дацэнт Ігар Кузьняцоў выдаў каля 120 кніг, зь іх 67 — гэта падручнікі, вучэбныя і вучэбна-мэтадычныя дапаможнікі. У штогадовым рэйтынгу выкладчыкаў БДУ, дзе ўлічваюцца розныя віды дзейнасьці, у тым ліку і навуковая, колькасьць публікацый, у Кузьняцова дастаткова высокія пазыцыі.
«З 2500 выкладчыкаў я ў гэтым рэйтынгу займаў 92 радок, то бок уваходзіў у першую сотню лепшых. На факультэце міжнародных адносін каля 300 выкладчыкаў. У мяне 13-я пазыцыя. Ёсьць яшчэ такі такі крытэр: цытаваньне ў Google Scholar — колькі навукоўца, выкладчыка цытуюць. У мяне паказчык — 32. Наколькі я ведаю, нават у вядучых выкладчыкаў, загадчыкаў катэдраў нашага факультэту самы высокі паказчык — ад 8 да 10. То бок па ўсіх паказчыках я ўсе 23 гады знаходзіўся наперадзе. Аднак мне не прапанавалі нават 0,25 стаўкі ці працаваць «пагадзіньнікам», — кажа Ігар Кузьняцоў.