Мастачка зь Берасьця Ганна Цімашук намалявала партрэты знакавых постацяў грэка-каталіцкай царквы, якія служылі на Заходнім Палесьсі ў міжваенны час, паведаміла газэта «Царква».
Творы можна пабачыць у берасьцейскай грэка-каталіцкай царкве.
Выставу складаюць карціны з выявамі пяці сьвятыняў: у Альбярціне (Слонім), Бабровічах, Альпені, Таракані (цяпер вёска Імянін) і Гарадной, а таксама дзевяць партрэтаў сьвятароў:
- айца Баляслава Пачопкі, які служыў у Бабровічах і Целяханах і быў адным з пачынальнікаў беларускага школьніцтва і рэлігійнага друку;
- айца Вячаслава Аношкі, які служыў на Століншчыне ў Альпені, на Мярлінскіх хутарах (цяпер не існуюць) і ў Дзяляцічах;
- архімандрыта Лява Гарошкі — царкоўнага гісторыка, выдаўца і публіцыста, які да эміграцыі служыў у Гарадной, Стоўпцах, Збуражы і Баранавічах;
- духоўнага вучня грэка-каталіцкага экзарха-мучаніка Леаніда Фёдарава айца Даната Навіцкага з Таракані, якога таемна высьвецілі ў лягеры на Салаўках біскупам Менска-магілеўскім Баляславам Слосканам;
- ксяндза Пятра Татарыновіча, стваральніка і шматгадовага працаўніка Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, які ў міжваенны прапаведаваў у палескіх уніяцкіх парафіях;
- хрысьціянскага пісьменьніка айца Язэпа Германовіча, вязьня ГУЛАГу;
- архімандрыта Фабіяна Абрантовіча, што загінуў у Бутырскай турме ў Маскве, які працаваў у духоўнай сэмінарыі ў Пінску і спрычыніўся да адбудовы зьнішчанага вайной будынка сэмінарыі;
- айца Антона Неманцэвіча, які выдаваў часопіс «Да Злучэньня», быў зьвязаны з працай Усходняй місіі езуітаў у Альбярціне, стварыў Апостальства малітвы за Беларусь і загінуў падчас акупацыі ў турме службы бясьпекі райхсфюрэра (SD) у Менску;
- першага пасьля 1839 году беларускага грэка-каталіцкага біскупа Чэслава Сіповіча, які стаў пераемнікам місіі беларускіх сьвятароў міжваеннага часу і працягнуў жыцьцё беларускай грэка-каталіцкай царквы да сёньняшняга дня.
Берасьцейская грэка-каталіцкая царква сьвятых братоў-апосталаў Пятра і Андрэя месьціцца на вуліцы Дворнікава, 63.