Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускае аб’яднаньне рабочых абвясьціла страйк з 1 лістапада. «Рабочы рух» не падтрымаў


Пратэставае шэсьце рабочых у Менску, жнівень 2020 г.
Пратэставае шэсьце рабочых у Менску, жнівень 2020 г.

Перадстрайкавы стан, паводле заявы аб’яднаньня, не паўплываў на ўлады Беларусі, якія працягвалі парушаць правы рабочых, уціскаць грамадзянскія свабоды і трымаць у турмах тысячы палітзьняволеных.

Беларускае аб’яднаньне рабочых 25 кастрычніка выступіла з заявай аб пачатку агульнанацыянальнага страйку 1 лістапада.

У аб’яднаньні паведамілі, што 30 жніўня яны абвясьцілі аб пачатку перадстрайкавага стану на тэрыторыі Беларусі і выставілі патрабаваньні да ўладаў. Цяпер канстатавалі, што выконваць гэтыя патрабаваньні ўлады не зьбіраюцца, і заклікалі рабочых да страйку:

«Так больш працягвацца ня можа. Пара рабочым узяць будучыню ў свае рукі. Мы ня маем права цягнуць далей, пакуль нашы сваякі, сябры і паплечнікі сядзяць у турмах, пакуль нашы маці і сёстры, браты і бацькі гінуць у перапоўненых шпіталях ад каранавірусу.

Мы ня можам проста глядзець, як прыдуркаваты грамадзянін развальвае нашы прадпрыемствы і эканоміку краіны. Мы ня можам дапусьціць, каб нашу краіну прадалі, падпісаўшы інтэграцыйныя карты!

Мы, Беларускае аб’яднаньне рабочых, абвяшчаем пачатак агульнанацыянальнага страйку з 1 лістапада 2021 году! Мы спынім вытворчасьць па ўсёй краіне, пакуль кожнае зь дзесяці патрабаваньняў ня будзе выканана!»

«Рабочы рух» не падтрымаў страйк

Іншая ініцыятыва, «Рабочы рух», заявіла, што не падтрымлівае абвяшчэньне агульнанацыянальнага страйку на 1 лістапада.

Тэкст заявы плятформа абʼяднаньня рабочых апублікавала ў сваім тэлеграм-канале.

«Заява Сяргея Дылеўскага, зробленая з падачы Натальлі Радзінай, Дзьмітрыя Бандарэнкі і Андрэя Саньнікава (Хартыяʼ97), не была з намі ўзгоднена, і мы ня ўдзельнічалі ў прыняцьці гэтага рашэньня. Больш за тое, мы не былі папярэджаныя пра гэта, як і пра абвяшчэньне «перадстрайкавага стану», — гаворыцца ў звароце «Рабочага руху».

«Мы лічым, што пераможны страйк павінен быць сапраўды масавым, ахопліваючы розныя галіны і шырокія катэгорыі працуючага насельніцтва. Яму павінны папярэднічаць сурʼёзныя эканамічныя перадумовы. Непадрыхтаваныя галаслоўныя заявы вядуць выключна да падрыву даверу і чарговых рэпрэсій, якія вымываюць актывістаў на месцах».

Як прайшоў страйк у 2020 годзе

Летась у краіне ўжо абвяшчалі агульнанацыянальны страйк. Спроба распачаць яго 26 кастрычніка 2020 году правалілася ў той самы дзень. Атрады АМАПу пачалі зьбіваць рабочых, якія сабраліся каля прахадных заводаў, пачалі заганяць іх прымусам у цэхі, а асабліва непакорлівых затрымліваць. У наступныя месяцы дзясяткі рабочых далучаліся да страйку паасобна, некаторыя вымушана зьяжджалі за мяжу, многіх рабочых звольнілі за пратэставыя настроі і выказваньні супраць Лукашэнкі і дырэктараў заводаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG