Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 25 кастрычніка: 2 гады калёніі за абразу Лукашэнкі, ператрусы і затрыманьні ў Гомлі

абноўлена

Калёнія, ілюстрацыйнае фота
Калёнія, ілюстрацыйнае фота

Штодня ў Беларусі выносяцца прысуды ў крымінальных справах. Не заўсёды пра гэта становіцца вядома ў той самы дзень.

Вырак за танцы на плошчы Перамогі

Суд Партызанскага раёну Менска прысудзіў 28-гадовай мянчанцы 2 гады «хіміі» за тое, што яна нібыта «цынічна пазавала на рытуальнай пляцоўцы зь Вечным агнём і абэліскам на плошчы Перамогі, дэманстратыўна танчыла, адначасова робячы відэаздымку». У даход дзяржавы быў канфіскаваны яе iPhone 6, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Жанчыну абвінавацілі ў абразе гісторыка-культурнай каштоўнасьці (ч. 2 арт. 346 КК), яна віну не прызнала.

Арышты гомельскіх актывістаў

Раніцай 25 кастрычнікаў у Гомлі супрацоўнікі міліцыі правялi ператрус на кватэры назiральніка за прэзыдэнцкімі выбарамі 2020 году Алега Бондарава.

Паводле сваякоў актывіста, сілавікі заявіліся а 6-й ранiцы і праз чатыры гадзіны пошукаў павезьлi яго з сабой.

Агулам, як інфармуюць праваабаронцы, міліцыянты затрымалі як мінімум 12 гамельчукоў. Гэта Алег Бондараў, Артур Караткевіч, Аляксандар Цыганкоў, Андрэй Самусеў, Алесь Сівакоў, Вераніка Кухарава, Ганна Міхно, Аляксей Валатоўскі, Андрэй Сьлесарэнка, Яўген Пархоменка, Валянцін Бяленка і Міхаіл Галай.

Пазьней на праўладных каналах зь некаторымі зьявіліся «пакаяльныя відэа».

2 гады за абразу Лукашэнкі

У судзе Менскага раёну вынесьлі прысуд у крымінальнай справе за «абразу прэзыдэнта» (арт. 368 КК). На лаве падсудных апынуўся тэхнік-праграміст зь Сеніцы пад Менскам Алег Гармазінскі, піша «Вясна».

Прысуд вынесьлі яшчэ 13 кастрычніка, аднак вядома пра яго праваабаронцам стала толькі цяпер. Справу разглядаў судзьдзя Аляксей Крапачоў.

Алег Гармазінскі да суду спачатку знаходзіўся пад вартай, а затым быў пад падпіскай аб нявыезьдзе.

З матэрыялаў абвінавачаньня вядома, што Гармазінскі ў тэлеграм-канале «Мая краіна Беларусь» 18 лістапада 2020 году і 18 студзеня, а таксама 23 сакавіка 2021 году разьмясьціў некалькі паведамленьняў «зьняважлівага характару», якія зьмяшчалі нэгатыўныя ацэнкі Лукашэнкі.

Судзьдзя Крапачоў пагадзіўся з прапановай пракуратуры і прызначыў пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі тэрмінам на 2 гады ў калёніі агульнага рэжыму. Мабільны тэлефон, які належаў Гармазінскаму, канфіскавалі ў даход дзяржавы як «сродак зьдзяйсьненьня злачынства».

Выклік на допыт у СК у «справе „Вясны“»

Берасьцейскага актывіста Віталя Казака выклікалі ў Сьледчы камітэт у справе «Вясны». Выклік берасьцеец атрымаў па тэлефоне.

У апошнія дні СК выклікаў дзясяткі людзей з канца мінулага тыдня на допыты ў гэтай справе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG