Спаборніцтвы пачынаюцца 24 кастрычніка ў Бялградзе.
Як паведамляў напярэдадні Косаўскі Алімпійскі камітэт, іх спартоўцам двойчы адмаўлялі ў перасячэньні мяжы з Сэрбіяй. Адзначалася, што спачатку спартоўцам адмовілі праз наяўнасьць на форме нацыянальнай сымболікі. Пазьней яны зноў паспрабавалі перасекчы мяжу, ужо без пазнак, але зноў атрымалі адмову.
Улады часткова прызнанай дзяржавы таксама зьвязаліся з уладамі Сэрбіі ў гэтым пытаньні, спрабуючы вырашыць пытаньне. Затым Косава назвала дзеяньні Сэрбіі «несправядлівымі і палітычна матываванымі». Сэрбскі бок пакуль не камэнтуе сытуацыю.
Гэта чарговы акт канфлікту паміж Бялградам і Прышцінай. Толькі ў канцы верасьня адміністрацыі падпісалі пагадненьне аб дээскаляцыі.
Сэрбія лічыць Косава часткай сваёй краіны і не прызнае яе незалежнасьці, абвешчанай альбанскімі ўладамі ў Прышціне ў 2008 годзе. На тэрыторыі Косава ўжо шмат гадоў трывае напружаньне паміж альбанскім і сэрбскім насельніцтвам. Косава прызналі незалежным каля 100 дзяржаваў у сьвеце, астатнія лічаць тэрыторыю часткай Сэрбіі, у тым ліку ўлады Беларусі.
Зь нядаўняга часу Косава выступае як самастойная каманда ў шэрагу відаў спорту. Косаўская фэдэрацыя боксу прызнаная і прынятая ў AIBA у лістападзе 2014 году.