Раней у межах гэтай крымінальнай справы асуджана ўжо 24 чалавекі на тэрміны ад 4 да 6,5 года зьняволеньня. Усе яны ўжо адбываюць пакараньне ў калёніях.
Суд над новымі фігурантамі «пінскай справы» пачаўся 10 верасьня.
Сёньня судзьдзя Андрэй Грушко прысудзіў:
- Ільлі Бохану — тры з паловай гады калёніі ўзмоцненага рэжыму,
- Сьцяпану Дразду — чатыры гады калёніі ўзмоцненага рэжыму.
Згодна з Праваабарончым цэнтрам «Вясна», Бохану ставілася ў віну тое, што ён зламаў дрэва і кінуў у міліцыянтаў алюмініевую бляшанку з-пад энэргетыка; Дразду — што два разы кінуў невядомыя прадметы ў бок сілавікоў.
5 кастрычніка адбыліся спрэчкі бакоў, пазьней абвінавачаныя выступілі з апошнім словам.
Падчас сваёй прамовы Ільля Бохан прапанаваў руку і сэрца сваёй дзяўчыне.
«Яна, [...] у мяне ёсьць ты. Любіш мяне? І ў любым выпадку дачакаесься? Даруй, што тады накрычаў на цябе. Я цябе вельмі моцна кахаю. Я ўдзячны Богу, што сустрэў цябе. Я хачу зрабіць табе прапанову. Янка, выходзь за мяне замуж. Прабач яшчэ раз за ўсё», — працытавала словы Бохана «Вясна».
Сьцяпан Дрозд у апошнім слове заявіў:
«Я казаў, што ня згодны з тым, што мне прад’явілі. Ніякіх супрацьпраўных дзеяньняў я не зьдзяйсьняў. Я проста не магу зразумець, як дзеці будуць расьці безь мяне. Чалавека пакараць можна за нейкія імгненьні, але гэтае пакараньне — яно неабгрунтаванае. Я лічу, што Высокі суд неяк улічыць гэта і вынесе слушны прысуд. Мне больш сказаць няма чаго».
У чым абвінавацілі фігурантаў:
- ва ўдзеле ў несанкцыянаванай масавай акцыі,
- у закліках дэмантаваць тратуарную плітку,
- закліках «біць сілавікоў»,
- пашкоджаньні маёмасьці,
- кіданьні камянёў, фрагмэнтаў тратуарнай пліткі, палак, бутэлек,
- ударах па сілавіках рукамі і нагамі.
Паводле вэрсіі абвінавачаньня, падсудныя далучыліся да дзеяньняў іншых асобаў і адзін да аднаго «ў мэтах дасягненьня адзінага выніку, што праявілася ў непасрэдным гвалце над асобай, а таксама ў пагромах, пашкоджаньнях і зьнішчэньні маёмасьці».
Што расказвалі пінчукі пра падзеі 9–10 жніўня
Паводле жыхароў Пінску, зь якімі раней пагаварыла Свабода, 9 жніўня пасьля 20:00 людзі прыйшлі да выбарчых участкаў, каб паглядзець на выніковыя пратаколы. Аднак сябры выбарчых камісій паведамілі, што ўжо перадалі вынікі ў Пінскі гарадзкі выканаўчы камітэт.
Каля 21:00 некалькі тысяч чалавек наблізіліся да будынку гарвыканкаму, падыход да якога заблякавалі супрацоўнікі ГАУС і РАУС. Да людзей выйшаў начальнік ГАУС Дзьмітры Каравякоўскі. Ён прапанаваў вылучыць 5 дэлегатаў для перамоваў з кіраўніцтвам гораду.
Дзьве з паловай гадзіны пратэстоўцы чакалі вяртаньня сваіх дэлегатаў. Урэшце да гарвыканкаму прыехала падмацаваньне сілавых структур. Яны ўзялі некалькі дзясяткаў людзей у кола, зь якога пратэстоўцы вырашылі прарывацца.
Пазьней людзі пачалі адціскаць сілавікоў, выкарыстоўваючы для абароны падручныя матэрыялы (выламаныя з лавак дошкі, сьметніцы). Прагнаўшы АМАП, пінчукі празь некаторы час разышліся па дамах. На наступны дзень, 10 жніўня, людзі зноў выйшлі на пратэст, аднак ён скончыўся масавымі жорсткімі затрыманьнямі.
Начальнік міліцыі справакаваў сутычку з пратэстоўцамі?
Паводле сваякоў першай групы абвінавачаных, у адным зь відэафайлаў, які пракуроры прадставілі ў ходзе перадапошняга судовага пасяджэньня 13 красавіка, высьветлілася, што сутыкненьні паміж грамадзянамі і сілавікамі пачаліся пасьля каманды начальніка пінскага ГАУС Дзьмітрыя Каравякоўскага «Да бою» і ягонага закліку на выцясьненьне.
На скрыжаваньні вуліц Заслонава і Леніна ў момант сутыкненьняў начальнік ГАУС прамаўляў таксама «Ўсім здацца» і «Атачаем і затрымліваем усіх». А крыху пазьней у мэгафон ён даў распараджэньне: «Адкрыць агонь!».
Усе гэтыя каманды 10 жніўня чулі і пратэстоўцы. Паводле прадстаўнікоў абароны абвінавачаных, людзі ўспрымалі іх літаральна. Думалі, што да іх прыменяць сілу, таму і пачалі абараняцца. Адвакаты падсудных таксама сьцьвярджаюць, што падзеі маглі б разьвівацца інакш, калі б начальнік міліцыі агучваў каманды ў завуаляванай форме, якую маглі б зразумець толькі сілавікі.
Пры гэтым сам Каравякоўскі раней у судзе заяўляў, што ніякіх загадаў асабіста не аддаваў. А самі міліцыянты, згодна з матэрыяламі справы, дзейнічалі ў межах паўнамоцтваў, не чынілі гвалту ў адносінах да пратэстоўцаў і ажыцьцяўлялі ахову грамадзкага парадку «з мэтай спыненьня несанкцыянаванай масавай акцыі каля будынку гарвыканкаму».
Родныя ж першай групы фігурантаў кажуць, што на паседжаньні 13 красавіка паказалі таксама фота і відэа падсудных, зробленыя пасьля іх затрыманьня 10–11 жніўня. Сваякі фігурантаў прызналіся, што былі ў шоку. На прадстаўленых кадрах, кажуць яны, «хлопцы былі страшна зьбітыя».