Сёлета ў красавіку на акне яе прыватнага дома ў Смаргонях сілавікі зафіксавалі бел-чырвона-белы сьцяжок з выявай «Пагоні».
Як паведамілі Свабодзе праваабаронцы, скончылася гэта складаньнем пратаколу за арганізацыю гаспадыняй жытла Катажынай Прыймак «несанкцынаванага масавага мерапрыемства ў выглядзе аднаасобнага пікетаваньня». Жанчына знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску для дагляду дзіцяці.
Судзьдзя суду Смаргонскага раёну Людміла Пятрова наклала на Прыймак штраф у памеры 870 рублёў. Судзьдзя Горадзенскага абласнога суду Анатоль Заяц скаргу на пастанову пакінуў у сіле.
У адказ на, зь яе гледзішча, беспадстаўнае пакараньне Катажына Прыймак накіравала скаргу ў Камітэт правоў чалавека ААН. У заяве яна адзначыла, што разьмяшчэньне сьцяга на шкле не зьяўляецца «масавым мерапрыемствам», а дэманструе павагу да гістарычнай сымболікі.
Яна лічыць, што пакараньне зьяўляецца парушэньнем Рэспублікай Беларусь артыкулу 19 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, які гарантуе кожнаму чалавеку права бесперашкодна прытрымлівацца сваіх поглядаў і права на вольнае выказваньне сваёй думкі.
У сваёй скарзе жыхарка Смаргоняў Катажына Прыймак просіць Камітэт правоў чалавека ААН канстатаваць факт парушэньня Рэспублікай Беларусь згаданага артыкулу і рэкамэндаваць уладам кампэнсаваць маральны і матэрыяльны ўрон.