У фатографа Дзьмітрыева адбыўся ператрус, забралі кампутар
У фатографа выданьня «Новы Час», колішняга міліцыянта Дзьмітрыя Дзьмітрыева адбыўся ператрус. «Забралі кампутар. Так што пакуль не знайду іншы — застаемся бяз новых фота», —напісаў Дзьмітрыеў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
Ён дадаў, што справа, паводле якой быў ператрус, тычыцца пагрозаў намесьніку начальніка Савецкага РУУС. «Год таму мяне па ёй дапытваў КДБ. Зараз, відавочна, на раённы СК скінулі. Сам я дома».
Пакараньне «хіміяй» за падабайкі без камэнтароў
Суд Нясьвіскага раёну вынес прысуд у крымінальнай справе Андрэя Ломшы, якога вінавацілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: паклёп (арт. 188 КК), абраза прэзыдэнта (ч. 1 арт. 368 КК) і абраза прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК).
Справу разглядаў судзьдзя Дзьмітры Гвозд, бок дзяржабвінавачаньня падтрымліваў Сяргей Лыцін. Пацярпелымі прызнаныя судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Кацярына Груда, супрацоўнікі міліцыі Віктар Турчыновіч і Аляксандар Лісіца, паведамляе «Вясна».
Паводле абвінавачваньня, летась 17, 25, 29 жніўня, 30 верасьня і 11 сьнежня Андрэй Ломша ў сацыяльнай сетцы «Одноклассники» ўхвальна пазначыў публікацыі «са зьневажальным зьместам» пра сілавікоў, судзьдяў і Лукашэнку. Паводле пракурора, сваімі дзеяньнямі — лайкамі допісаў — мужчына зрабіў злачынства, прадугледжанае Крымінальным кодэксам (паклёп і абраза).
У судовым пасяджэньні пацярпелая Кацярына Груда сьцвярджала, што падабайка абвінавачванага і сама публікацыя дыскрэдытавалі яе як судзьдзю і асобу, ёй было крыўдна і балюча, але пазоўных патрабаваньняў на пакрыцьцё маральнай шкоды не заяўляла. Міліцыянт Віктар Турчыновіч папрасіў строга пакараць абвінавачанага і спагнаць зь яго кампэнсацыю за нанесеныя маральныя пакуты ў памеры 1000 рублёў.
Андрэй Локша казаў, што не разумее, як за пазнаку «кляс» можна судзіць, бо ніякіх камэнтароў пад публікацыямі ён не пакідаў.
Пракурор запатрабаваў для фігуранта пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 3 гады, а таксама задаволіць заяўленыя пазовы.
Менавіта такі прысуд і вынес Дзьмітры Гвозд: 3 гады «хіміі» і 1000 рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды на карысьць пацярпелага Віктара Турчыновіча.
Вынесьлі прысуд палітвязьню Алегу Хічову
За ўдзел у пратэсьце 10 жніўня 2020 году судзьдзя Кастрычніцкага раёну Горадні Ўладзімер Пазьняк пакараў Алега Хічова 1 годам і 2 месяцамі калёніі агульнага рэжыму, паведаміла «Вясна».
Раней было вядома, што 10 жніўня 2020 году ў Горадні каля драмтэатру сілавікі затрымлівалі людзей, якія хаваліся ад дажджу.
На судзе зачыталі паказаньні сьведкі з ДАІ, што ў той дзень на загад міліцэйскага начальства перакрылі стары мост, па якім нібыта ішлі людзі, не задаволеныя вынікамі выбараў. Пры гэтым сьведка ДАІ на судзе сказаў, што ўжо ня памятае, што было ў той дзень.
За допісы ў тэлеграм-чатах пракурор патрабуе пасадзіць 21-гадовага юнака на тры гады
У Маскоўскім раёне Менску 21 кастрычніка вынесуць прысуд работніку пошты Вадзіму Цагельніку.
Сёньня пракурор Яўген Серакоў запатрабаваў пакараць яго трыма гадамі зьняволеньня.
Цагельніка судзяць за абразу прадстаўніка ўлады і допісы ў розных тэлеграм чатах, якія, паводле абвінавачаньня, заклікалі да масавых беспарадкаў. Некаторыя агучылі на судзе:
- «Перакрывайце вуліцы»,
- «Блякуем дарогі з дапамогай аўтамабіляў і сваіх целаў»,
- «Сёньня вечарам павінны атрымаць напоўную»,
- «Ніхто не зьбіраецца паліць сілавікоў і біць іх ланцугамі».
Вадзім Цагельнік віну прызнаў і ў апошнім слове сказаў, што дапусьціў памылку, паведаміла «Вясна».