У рэйтынгу ідзе гаворка пра базавы заробак, без уліку бонусаў за камандныя перамогі і выніковую гульню паводле схемы гол+пас.
Узначальвае рэйтынг абаронца каманды «Барыс» з Нур-Султану Дарэн Дзіц з заробкам за сэзон памерам 1,4 млн даляраў. Сьледам ідзе форвард «Дынама» з Масквы Вадзім Шыпачоў — 1,3 млн даляраў.
З істотна меншымі прыбыткамі фігуруюць чатыры легіянэры менскага «Дынама». Тэйлар Бэк і Лукас Бэнгтсан, паводле спартовага выданьня, атрымліваюць па 627 тысяч даляраў, Марыё Кемпэ — 599 тысяч, Мальтэ Стромваль — 557 тысяч. Гэта значыць, прыкладна 50 тысяч даляраў штомесяц.
Зыходзячы з агульнага бюджэту на сёлетні заробак, на аплату гульні квартэту іншаземцаў менскае «Дынама» траціць больш за 50% яго сродкаў.
Раней Аляксандар Лукашэнка рэзка крытыкаваў вынікі адзінага беларускага прадстаўніка ў КХЛ, загадаўшы спонсарам (найперш гаворка пра «Беларуськалій») «урэзаць апэтыты бяздарных гульцоў», якія па выніках сэзону ня могуць трапіць нават у стадыю плэй-оф ці вылятаюць у першай жа сэрыі на выбываньне. У свой час заробкі некаторых легіянэраў менскага «Дынама» перавышалі 1 млн даляраў.
Таксама ў рэйтынгу самых высокааплатных хакеістаў ёсьць тры натуралізаваныя беларусы з Паўночнай Амэрыкі, якія выступаюць за зборную Беларусі.
Гэта форвард «Аўтамабіліста» з Екацерынбургу Шэйн Прынс мае кантракт на 836 тысяч даляраў, абаронца «Трактара» з Чалябінску Нік Бэйл — на 766 тысяч, нападнік «Салавата Юлаева» з Уфы Джэф Плэт — 488 тысяч.