Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакатку палітвязьняў Бабарыкі, Дзядка і Ціханоўскага адхілілі ад працы


Адвакатка Натальля Мацкевіч, якая, сярод іншых, абараняла былых прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыку і Сяргея Ціханоўскага
Адвакатка Натальля Мацкевіч, якая, сярод іншых, абараняла былых прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыку і Сяргея Ціханоўскага

Адвакатку Натальлю Мацкевіч адхілілі ад працы, супраць яе ў Міністэрстве юстыцыі Беларусі пачалі дысцыплінарнае расьсьледаваньне.

Пра гэта Свабодзе паведаміў былы судзьдзя Аляксандар Дзядок, сына якога, палітвязьня Мікалая Дзядка, апошнім часам абараняла Натальля Мацкевіч.

Сама Натальля Мацкевіч ад падрабязнага камэнтару адмовілася.

«Я б не хацела зараз камэнтаваць падрабязна падставы для завядзеньня дысцыплінарнай вытворчасьці зь меркаваньняў этыкі ў дачыненьні да сваіх калегаў, якім трэба будзе прыняць рашэньне па гэтым пытаньні. Магу сказаць, што гэта тычыцца ажыцьцяўленьня мною абароны па справе Віктара Бабарыкі на папярэднім сьледзтве ў чэрвені і ліпені 2020 году і ў адзін зь дзён красавіка 2021 у судзе», — сказала яна «Медиазоне».

Паводле Аляксандра Дзядка, ён мае дакладную інфармацыю, што Натальлю Мацкевіч ад працы ўжо адхілілі:

«Стаіць пытаньне пра пазбаўленьне яе ліцэнзіі. У майго сына ў выніку ўвогуле прававая катастрофа — ён падчас судовага сьледзтва другі раз застаецца без абароны. Спачатку пазбавілі ліцэнзіі Яўгена Маслава, цяпер пад такой жа пагрозай Натальля Мацкевіч. Тыдзень таму яна яшчэ змагла наведаць сына ў СІЗА на Валадарскага; плянавалі, што наведае ўчора, а тут такая праблема. Лічу, што гэта мэтанакіраванае пазбаўленьне права на абарону людзей, непажаданых рэжыму», — сказаў Аляксандр Дзядок.

Натальля Мацкевіч працуе ў Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў. Яна абараняла

  • Сяргея Ціханоўскага, суд над якім ідзе ў закрытым рэжыме з 24 чэрвеня ў Гомлі,
  • экс-кіраўніка «Белгазпрамбанку» Віктара Бабарыку,
  • ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі па літаратуры Сьвятлану Алексіевіч у «справе Каардынацыйнай Рады»,
  • старшыню Беларускага Хэльсынкскага камітэту Алега Гулака,
  • старшыню Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Бастунца,
  • анархіста Мікалая Дзядка,
  • кіраўніка Незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзя Фядыніча,
  • фігурантаў справы «Белага легіёну»,
  • прадстаўляла інтарэсы маці зьніклага палітыка Юрыя Захаранкі Ульяны Захаранкі.

У 2018 году Наталля Мацкевіч пераканала суд Маскоўскага раёна Мінска адмовіць Маскоўскаму РУУС Мінска ў высылцы прэс-сакратара Абʼяднанай грамадзянскай партыі Ганны Красулінай, адзначыла «Вясна».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG