Пра гэта заяўляюць як кіраўнікі ЭЗ, так і палітыкі краін-чальцоў ЭЗ.
Кіраўніца Эўракамісіі Урсуля фон дэр Ляен заявіла, што Брусэль зробіць усё, што ў яго сілах, для забесьпячэньня ў краінах ЭЗ перавагі эўрапейскага заканадаўства над нацыянальнымі прававымі сыстэмамі.
У сваю чаргу, кіраўнік эўрапейскага зьнешнепалітычнага ведамства Жузэп Бурэль падкрэсьліў, што вяршэнства права ЭЗ — асноватворны прынцып Эўразьвязу.
Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі заявіў, што краіна не плянуе выходзіць з ЭЗ, нягледзячы на рэакцыю Брусэлю.
У чацьвер, 7 кастрычніка, Канстытуцыйны трыбунал Польшчы вырашыў, што норма аб прыярытэце эўрапейскага права над палажэньнямі польскай Канстытуцыі не адпавядае нормам краіны.
У сакавіку з запытам аб праверцы перавагі эўрапейскага права над мясцовым у Канстытуцыйны трыбунал зьвярнуўся прэмʼер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі. Гэта адбылося неўзабаве пасьля таго, як Эўрапейскі суд знайшоў парушэньні Варшавай заканадаўства ЭЗ пры правядзеньні судовай рэформы.
- Паводле правілаў, якія пачалі дзейнічаць з канца 2017 году, польскі Вярхоўны суд быў перападпарадкаваны Міністэрству справядлівасьці, а кіраўнік міністэрства атрымаў права прызначаць старшыняў апэляцыйных і акруговых судоў самастойна, без кансультацый з прадстаўнікамі правасудзьдзя.
- Рэформа прывяла да звальненьня каля 40 адсоткаў дзейных судзьдзяў Вярхоўнага суду, уключаючы старшыню. У Эўракамісіі лічаць, што такія дзеяньні парушаюць балянс паўнамоцтваў і пагражаюць вяршэнству права.