Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўная Рада Ўкраіны адправіла ў адстаўку свайго старшыню Разумкова


Дзьмітры Разумкоў
Дзьмітры Разумкоў

Старшыню Вярхоўнай Рады Ўкраіны Дзьмітра Разумкова дэпутаты адправілі ў адстаўку. Галасаваньне ініцыявала партыя прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага «Слуга народу».

За адстаўку прагаласавала больш дэпутатаў, чым чакалася — 284 пры неабходных 226. Адстаўку падтрымала ня толькі большасьць чальцоў фракцыі «Слуга народу», але і шэраг іншых дэпутацкіх груп, уключаючы прыхільнікаў Юліі Цімашэнкі. Супраць былі прыхільнікі Пятра Парашэнкі і «Апазыцыйнай плятформы за жыцьцё», якая лічыцца прарасейскай.

Адстаўку Разумкова, які быў адным з самых блізкіх паплечнікаў Зяленскага падчас яго выбарчай кампаніі у 2019 годзе і ўзначальваў сьпіс «Слугі народу» на выбарах у Раду, называюць вынікам яго канфлікту з Офісам прэзыдэнта. Прыхільнікі Зяленскага абвінавачваюць Разумкова ў тым, што ён сабатаваў некаторыя ініцыятывы прэзыдэнта, у прыватнасьці закон аб «дэалігархізацыі», і лічаць, што ў кіраўніка Рады зьявіліся ўласныя палітычныя амбіцыі аж да барацьбы за пасаду прэзыдэнта.

Разумкоў намякнуў на нядаўняе расьсьледаваньне так званага «Архіву Пандоры», у якім гаварылася аб афшорах, як мяркуецца, зьвязаных з прэзыдэнтам Зяленскім. «Заўсёды цяжка падымацца і ісьці супраць сыстэмы. Але калі гэта адзіны правільны выбар, то яго трэба рабіць», — заявіў Разумкоў. Пра свае далейшыя палітычныя пляны ён пакуль не абвяшчаў.

Чакаецца, што 8 кастрычніка Рада можа выбраць новага старшыню — мяркуецца, што ім будзе прадстаўнік «Слугі народу» Руслан Стэфанчук, які раней быў намесьнікам Разумкова.

Прычыны адстаўкі

Фармальнай прычынай для адстаўкі Дзьмітрыя Разумкова стала нібыта парушэньне ім правілаў вядзеньня сэсіі. Але, як сьцьвярджаюць экспэрты, для такога рашэньня праўладнай партыі назапасілася шмат фактараў. Найперш — разыходжаньне пазыцый Дзьмітрыя Разумкова і прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага па некалькіх пытаньнях.

Сярод іх называюць адмову Дзьмітрыя Разумкова падтрымаць рашэньні Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб увядзеньні санкцый у дачыненьні да грамадзян Украіны, а таксама нязгода з законапраектам аб алігархах, які ініцыяваў прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі. Дзьмітры Разумкоў накіраваў гэты праект у Венэцыянскую камісію, каб атрымаць выснову наконт адпаведнасьці міжнароднаму праву.

Пасьля сваёй адстаўкі Дзьмітры Разумкоў заявіў аб намеры стварыць сваю ўласную каманду і намякнуў, што можа ўдзельнічаць у наступных прэзыдэнцкіх выбараў.

«Прэзыдэнцкія выбары яшчэ не пачаліся. Але раней казалі, што ніводны сьпікер яшчэ не станавіўся прэзыдэнтам. Гэты засьцерагальнік Рада сёньня прыбрала», — заявіў ён.

Ён таксама адзначыў важнасьць таго, каб новы сьпікер парлямэнту быў роўнааддалены ад палітычных сілаў, выконваў законы і адстойваў прынцыпы парлямэнтарызму, эўрапейскай дэмакратыі, свабоду слова, вяршэнства права, і галоўнае — абараняў дзяржавы ад спробаў канцэнтрацыі ўлады ў адных руках.

Хто прэтэндуе на пасаду сьпікера

Фракцыя «Слуга народу», як найбольшая фракцыя ў парлямэнце, мае квоту на гэтую пасаду ў парлямэнце. Яе новым кандыдатам стаў першы намесьнік сьпікера Руслан Стэфанішын.

Фракцыя «Голас», якая таксама падтрымала адстаўку Дзьмітрыя Разумкова, прапанавала кандыдатуру свайго кіраўніка Яраслава Жалязьняка.

Яшчэ два дэпутаты — прадстаўнік фракцыі «Эўрапейская салідарнасьць» Аляксей Ганчарэнка і пазафаркцыйны Геа Лэрос (ён выйшаў са складу фракцыі «Слуга народу») прапанавалі адзін аднаго на пасаду новага сьпікера Вярхоўнай Рады.

У часе абмеркаваньня новых кандыдатур шмат дэпутатаў, у тым ліку кандыдаты на пасаду сьпікера, заяўлялі пра незаконнасьць адстаўкі Дзьмітрыя Разумкова, і папярэджвалі, што такая працэдура руйнуе парлямэнтарызм і можа выклікаць парлямэнцкі крызіс.

Фракцыя «Эўрапейская салідарнасьць» у сваю чаргу прапанавала сваю дэпутатку на гэтую пасаду — Яну Зінкевіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG