У верасьні ў палітычна матываваных крымінальных справах, вядомых ПЦ «Вясна», асуджана ня менш за 103 чалавекі. Зь іх жанчын 21,36%. Вядома пра як мінімум 2 грамадзян, абвешчаных у вышук. З агульнага ліку асуджаных у палітычна матываваных крымінальных справах 63,11% грамадзян асудзілі па дыфамацыйных артыкулах Крымінальнага кодэксу (артыкулы 369, 367, 368, 370, 391).
Сумарна за верасень у палітычна матываваных крымінальных справах прысудзілі:
- 120 гадоў і 1,5 месяца пазбаўленьня волі для 32 чалавек;
- 35,5 года абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія») для 16 чалавек;
- 97 гадоў абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія») для 47 чалавек;
- 5 месяцаў арышту для 2 чалавек;
- 2 месяцы грамадзкіх работ для 1 чалавека;
- 585 базавых велічынь (16 965 рублёў) штрафу для 5 чалавек;
- прымусовае лячэньне ад алькагалізму для 2 чалавек;
- пазбаўленьне права займаць кіроўныя пасады тэрмінам на 5 гадоў у якасьці дадатковага пакараньня для 1 чалавека.
Таксама ў сваіх высновах праваабаронцы кажуць пра тое, што падазраваныя па «палітычных» артыкулах працягваюць скардзіцца на катаваньні падчас затрыманьня альбо папярэдняга сьледзтва. Сілавыя органы і дзяржаўная тэлевізія прама парушаюць прынцып прэзумпцыі невінаватасьці.