Парыскі суд прызнаў былога прэзыдэнта Францыі Нікаля Сарказі вінаватым у адным з ключавых абвінавачваньняў, але апраўдаў яго ў трох іншых. Справа тычылася незаконнага фінансаваньня ягонай прэзыдэнцкай кампаніі 2007 году грашыма ўраду тагачаснага лібійскага дыктатара Муамара Кадафі, піша АР.
Суд прызнаў Сарказі вінаватым ва ўдзеле ў злачыннай супольнасьці і ў змове з 2005 па 2007 гг. з мэтай фінансаваньня ягонай прэзыдэнцкай кампаніі за кошт сродкаў зь Лібіі ў абмен на дыпляматычныя паслугі.
Пры гэтым Сарказі апраўдалі ў трох іншых абвінавачваньнях, у тым ліку ў пасіўнай карупцыі, незаконным фінансаваньні кампаніі і ўтойваньні растраты дзяржаўных сродкаў.
70-гадовы экс-прэзыдэнт заявіў, што ён невінаваты і будзе падаваць апэляцыю.
Нікаля Сарказі кіраваў Францыяй у 2007–2012 гадах.
Суд таксама прызнаў двух найбліжэйшых паплечнікаў Сарказі ў час ягонага прэзыдэнцтва — былых міністраў Клёда Геана і Брыса Артэфэ — вінаватымі ва ўдзеле ў злачыннай супольнасьці, але апраўдаў іх паводле некаторых іншых абвінавачваньняў.
Рашэньне сьведчыць аб тым, што суд палічыў, што фігуранты змовіліся з мэтай атрыманьня лібійскіх грошай для кампаніі Сарказі ў 2007 годзе, але судзьдзі не былі перакананыя ў тым, што сам кансэрватыўны лідэр быў непасрэдна ўцягнуты ў фінансаваньне або што якія-небудзь лібійскія грошы ў выніку былі выкарыстаныя ў ягонай пераможнай кампаніі.
Галоўны судзьдзя ў час шматгадзіннага чытаньня доўгага прысуду заявіў, што Сарказі дазволіў сваім блізкім паплечнікам зьвяртацца да лібійскіх уладаў, «каб атрымаць або паспрабаваць атрымаць фінансавую падтрымку ў Лібіі з мэтай забесьпячэньня фінансаваньня кампаніі».
Але суд таксама заявіў, што ня можа з упэўненасьцю вызначыць, што лібійскія грошы ў выніку фінансавалі кампанію Сарказі. Тым ня менш, паводле францускага заканадаўства, карупцыйная схема ўсё яшчэ можа быць злачынствам, нават калі грошы не былі выплачаныя або іх паступленьне немагчыма даказаць, растлумачыў суд.
Разам з тым, у 2011 годзе Нікаля Сарказі актыўна падтрымаў вайсковую інтэрвенцыю ў Лібіі, якая прывяла да зьвяржэньня і забойства Кадафі.
Сарказі ў суправаджэньні сваёй жонкі, сьпявачкі і мадэлі Карлы Бруні-Сарказі, прысутнічаў у залі суду, якая таксама была запоўненая журналістамі і грамадзкасьцю. Сарказі сядзеў у першым радзе месцаў абвінавачаных. У залі таксама прысутнічалі трое яго дарослых сыноў.
Нягледзячы на шматлікія судовыя скандалы, якія азмрочылі ягоную прэзыдэнцкую спадчыну, Сарказі застаецца ўплывовай фігурай у правай палітыцы Францыі і ў забаўляльных колах дзякуючы свайму шлюбу з Карлай Бруні-Сарказі.
Абвінавачаньні ў сувязях Сарказі зь лібійскай дыктатурай Кадафі пачаліся яшчэ ў 2011 годзе. У 2012 годзе францускае расьсьледніцкае выданьне Mediapart апублікавала службовую запіску лібійскай выведкі, у якой згадвалася пагадненьне аб фінансаваньні на 50 мільёнаў эўра. Сарказі асудзіў дакумэнт як падробку і падаў у суд за паклёп.
Сьледчыя таксама расьсьледавалі сэрыю паездак у Лібію людзей, блізкіх да Сарказі, калі ён займаў пасаду міністра ўнутраных спраў з 2005 па 2007 гг., у тым ліку кіраўніка ягонага апарату.
Форум