29 верасьня 2020 году колькасьць палітзьняволеных у Беларусі складала 73 чалавекі, за год гэтая лічба ўзрасла амаль у 10 разоў, падкрэсьліваюць праваабаронцы ў сваёй статыстыцы.
За год па «палітычных» артыкулах асудзілі 945 чалавек
На працягу гэтага году асноўным відам рэпрэсій стаў крымінальны перасьлед грамадзян, якія адкрыта выказалі сваю грамадзянскую пазыцыю і нязгоду з уладай. Дагэтуль штодзённа па ўсёй Беларусі працягваецца хваля затрыманьняў па крымінальных справах, зьвязаных з пратэстамі. Усяго, па дадзеных сілавых ведамстваў, са жніўня 2020 году ў Беларусі распачалі 4691 крымінальную справу пасьля такіх падзей.
Праваабаронцы падлічылі, што за год асудзілі паводле «палітычных» артыкулаў КК мінімум 945 чалавек (158 жанчын і 787 мужчын). За гэты год за ўдзел у пратэстах асудзілі 17 непаўналетніх, зь іх 11 — на пазбаўленьне волі ў выхаваўчых калёніях для непаўналетніх, астатніх — на «хімію» ці «хатнюю хімію».
Суды толькі за гэты год пазбавілі волі амаль палову з усіх асуджаных — 439 чалавек, абмежаваньне волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімію») прысудзілі 234 чалавекам, да «хатняй хіміі» асудзілі 232 чалавек, пакаралі штрафам 12, арыштавалі 23, і толькі аднаму чалавеку ў якасьці пакараньня абралі прымусовую меру выхаваўчага характару.
Па самых «рэпрэсіўных» артыкулах асудзілі 731 чалавека
Самымі распаўсюджанымі артыкуламі, якія выкарыстоўваліся ўладамі ў рэпрэсіўных мэтах супраць беларусаў, сталі арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), ч. 2 арт. 293 КК (удзел у масавых беспарадках), арт. 364 КК (гвалт альбо пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў), арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады). Агулам па гэтых артыкулах асудзілі 731 чалавека.
Суды не рэагуюць на заявы абвінавачаных пра жорсткае і бесчалавечнае абыходжаньне, катаваньні, ціск і прымус даваць сьведчаньні на этапе папярэдняга сьледзтва. Судзьдзі выносяць абвінаваўчыя прысуды, базуючыся на паказаньнях, атрыманых гвалтоўным шляхам з парушэньнем вызначанага парадку.
10–18 гадоў калёніі — самыя суворыя прысуды за год
За апошні час у краіне вынесьлі восем суворых прысудаў, у тым ліку экс-кандыдату ў прэзыдэнты, былому вайскоўцу, адвакату і кіраўніцы выбарчага штабу апазыцыйнага кандыдата — іх пазбавілі волі на тэрмін ад 10 да 18 гадоў. Усе асуджаныя прызнаныя палітычнымі зьняволенымі:
- адваката Максіма Знака,берасьцейца Аляксандра Кардзюкова і менчукоў Аляксандра Троцкага і Ягора Міхайлава пазбавілі волі ў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму тэрмінам на 10 гадоў;
- кіраўніцу штабу Бабарыкі Марыю Калесьнікаву і інжынэра Ціхана Восіпава асудзілі на 11 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага і ўзмоцненага рэжыму адпаведна;
- экс-кандыдата на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыку — на 14 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму;
- былога капітана Генштабу Ўзброеных Сілаў Дзяніса Ўрада асудзілі на 18 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.