Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ двое з затрыманых страйкоўцаў на волі. Больш за 10 рабочых па-ранейшаму за кратамі


Прадпрыемства «Гродна Азот», ілюстрацыйнае фота
Прадпрыемства «Гродна Азот», ілюстрацыйнае фота

Як стала вядома праваабаронцам, затрыманыя раней супрацоўнікі афіляваных падразьдзяленьняў прадпрыемства «Гродна Азот» Андрэй Башан і Вадзім Яфіменка цяпер на волі.

Іх затрымалі 23 верасьня пасьля заканчэньня зьменаў: Андрэй Башан працуе ў цэху «Аміяк-3», Вадзім Яфіменка на заводзе «Хімвалакно». Увесь гэты час іх утрымлівалі ў СІЗА КДБ у Менску па так званай справе «Рабочага руху», якую пачалі на падставе артыкулу 356 Крымінальнага кодэксу (здрада дзяржаве).

Пачынаючы ад 21 верасьня сілавікі ўчынілі ператрусы ў шэрагу прафсаюзных і рабочых актывістаў, многіх затрымалі. Пасьля допытаў на волі апынуліся ня ўсе.

Агулам у наступныя дні на прадпрыемствах Горадні, Жлобіну, Менску, Наваполацку ўзялі блізу двух дзясяткаў чалавек, некаторых вызвалілі пасьля вобшукаў і апытаньняў. Некалькі выйшлі пасьля 72 гадзін папярэдняга зьняволеньня.

За выняткам вызваленых азотоўцаў, за кратамі застаюцца найменей 11 страйкамаўцаў і супрацоўнікаў заводаў.

Затрыманьні адбыліся паводле артыкулаў Крымінальнага кодэксу 356 (здрада дзяржаве) і 357 (змова або іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады). Санкцыя паводле гэтых артыкулаў прадугледжвае да 15 гадоў пазбаўленьня волі.

Раней лідэр Беларускага аб’яднаньня рабочых Сяргей Дылеўскі абвясьціў у Беларусі перадстрайкавую сытуацыю, удакладніўшы, што гэта можа стаць пачаткам пляну «Перамога».

23 верасьня Аляксандар Лукашэнка заявіў пра затрыманьне «шпіёнаў» на беларускіх прадпрыемствах, якія нібыта інфармуюць «калектыўны Захад» пра спробы абысьці санкцыі. Тады ён прыгразіў, што «здраднікі сядуць усе, і надоўга».

Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG