«Кібэрпартызаны» выклалі чарговы запіс размовы сілавікоў у 2020 годзе. На ім, як сьцьвярджаецца, запісаны тэлефонны званок намесьніка начальніка ГУУС Менгарвыканкаму Ігара П. і першага намесьніка начальніка УУС Менаблвыканкаму Віталя К. Яны дамаўляюцца, як паводзіць сябе ў дзень выбараў у раёне стэлы на праспэкце Пераможцаў у Менску.
У прыватнасьці, міліцэйскія начальнікі гаварылі аб тым, што «ня трэба чакаць, пакуль набярэцца натоўп у 5 тысяч чалавек: сабраліся 200 — усё», можна разганяць. Як і ў папярэдніх зьлітых размовах, лексыка міліцыянтаў не вызначаецца цэнзурнасьцю, прысутнічае велізарная колькасьць ненарматыўных словаў і абразаў.
Адзін з суразмоўцаў на запісе гаворыць пра тое, што часова аддае плошчы ў горадзе пад кантроль вайскоўцаў, а сам са сваімі падначаленымі зоймецца выбарчымі ўчасткамі, а пасьля галасаваньня пераключыцца на стэлу.
Пры гэтым заяўлялася пра фізычны разгон людзей ня толькі ў цэнтры Менску, але і на выбарчых участках.
7 верасьня «Кібэрпартызаны» падзяліліся іншай запісанай размовай гэтых кіраўнікоў міліцэйскіх падразьдзяленьняў. Тады яны дзяліліся сваімі страхамі перад масавымі выступленьнямі людзей, абмяркоўвалі паразу ўладаў у інфармацыйнай прасторы і далейшыя захады па здушэньні пратэстаў супраць кіраваньня Лукашэнкі.
Хто такія «Кібэрпартызаны»?
«Кібэрпартызаны» — група хакераў, якая ўтварылася ў другой палове 2020 году. За гэты час ім удалося ўзламаць шэраг сайтаў, пашпартную сыстэму Беларусі, здабыць з розных крыніц інфармацыю з кадастру пра маёмасьць Лукашэнкі і яго атачэньня, пэрсанальныя зьвесткі супрацоўнікаў КДБ і МУС. Група прызналася, што для некаторых узломаў яе людзі пранікалі на «аб’екты рэжыму», каб адкрываць доступ да засакрэчаных базаў.
Улетку 2021 году «Кібэрпартызаны» паведамілі, што ўзламалі базу з запісамі тэлефонаў. Выявілася, што спэцслужбы слухалі тэлефоны афіцэраў і захоўвалі гэтую інфармацыю. Згодна са словамі хакераў, яны дасталі велізарны аб’ём інфармацыі, зь якой апрацаваны і апублікаваны толькі невялікі адсотак. Зь яе дапамогай, у прыватнасьці, яны спадзяюцца праліць больш сьвятла на гібель Генадзя Шутава ад рук сілавіка ў Берасьці.
У канцы ліпеня «Кібэрпартызаны» анансавалі шматузроўневую спэцапэрацыю «Жара». Яны ўзламалі шэраг базаў дадзеных МУС, атрымалі доступ да базаў «АІС пашпарт», службы 102 (экстраныя званкі ў міліцыю), упраўленьня ўласнай бясьпекі МУС, ДАІ і сэрвэру зь відэазапісамі дронаў МУС.
У папярэдніх апублікаваных зьлівах чуваць, што многія сілавікі давалі канкрэтныя загады біць і катаваць пратэстоўцаў, кідаць іх у экстрэмальныя ўмовы зьняволеньня і там працягваць зьдзекі.