Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чачэнія для беларусаў цяпер больш бясьпечнае месца, чым Менск». Расейскі журналіст пра «грамадзянскую вайну, разьвязаную Лукашэнкам»


Плякат з мірнага маршу 30 жніўня 2020 году. Ілюстрацыйнае фота.
Плякат з мірнага маршу 30 жніўня 2020 году. Ілюстрацыйнае фота.

Шэф-рэдактар навінаў The Insider Цімур Алеўскі пералічвае фальсыфікацыі на выбарах у Дзярждуму, зробленыя паводле беларускага сцэнара, і прадказвае, што з прыходам вялікай колькасьці камуністаў у Дзярждуму ўзмацніцца рыторыка вяртаньня да СССР.

Паводле журналіста, на тле цяперашняга тэрору на радзіме для многіх беларусаў опцыя «саюзная дзяржава» можа здацца выратаваньнем ад перасьледу.

Глядзіце размову цалкам на відэа

Сьцісла

  • Парушэньні прайшлі б зусім па беларускім сцэнары, каб не неабходнасьць легітымізаваць гэтыя выбары. Зусім без назіраньня быў бы зусім беларускі сцэнар, а так атрымаўся гібрыдны беларускі сцэнар.
  • Наколькі дрэнная сытуацыя павінна быць у Беларусі, каб жыцьцё ў Расеі здавалася больш бясьпечным. Я думаю, што нават Чачэнія для беларусаў больш бясьпечнае месца, чым Менск.
  • «Саюзная дзяржава» як опцыя на стале ў Пуціна ляжыць, але гэта будзе залежаць не ад Думы, а ад настрояў унутры Беларусі ўласна і ад стасункаў з Захадам.
  • У гістарычнай пэрспэктыве такое аб’яднаньне можа азначаць страту незалежнасьці, а ў сам гэты момант жыць стане лягчэй, калі Расея скажа, што давайце ня будзем хаця б катаваць.

Асноўныя тэзісы Цімура Алеўскага

Пра выбар аднаго з дрэнных бакоў на выбарах у Думу

Цімур Алеўскі
Цімур Алеўскі

— Выбар тут больш складаны, чым проста паміж дрэннымі і дрэннымі. Аляксей Навальны і ягонае «Разумнае галасаваньне», а такім чынам і многія людзі, якія ня маюць ніякай легальнай магчымасьці паказаць сваю прысутнасьць у палітыцы ў Расеі, вырашылі выбраць адзін з дрэнных бакоў для таго, каб напампаваць яго сваімі галасамі і паказаць, што яны ёсьць. Не для таго, каб потым гэтыя дрэнныя абаранялі іх інтарэсы. Гэтая Дзяржаўная Дума ня будзе абараняць інтарэсы людзей, якія прытрымліваюцца іншых поглядаў на разьвіцьцё Расеі, чым цяпер прынята ў афіцыйным мэйнстрыме.

Галасуючы, напрыклад, за камуністаў, яны проста маглі паказаць, што яны існуюць, і паказаць уладзе іх колькасьць, натуральна, памяншаючы колькасьць людзей, якія прагаласавалі за «Адзіную Расею». Але нават гэтага не далі зрабіць. На маю думку, гаварыць можна не пра выбары, а пра фантастычную колькасьць фальсыфікацый.

Пра розьніцу паміж выбарамі ў Расеі і Беларусі

— Выбары ў Расеі адрозьніваліся ад таго, што адбывалася ў Беларусі, толькі тым, што ад самага пачатку Пуцін настройваўся на тое, каб выбары былі прызнаныя легітымнымі, каб прызналі, што выбары адбыліся. Расея як вялікая краіна, якая сябе пазыцыянуе як імпэрыя, не зьбіраецца і ня хоча апынуцца ў нелегальным полі, каб гаварылі, што ў вас прайшлі нелегітымныя выбары, і таму ўсе законы, якія вы прымаеце далей, ня дзейныя. Таму трэба паказаць усё ж бачнасьць працэсу. Але зрабіць гэта, ня страціўшы аблічча, вельмі складана. Фальсыфікацыі пачаліся яшчэ да выбарчай кампаніі.

Пра гібрыдны беларускі сцэнар

— Акрамя таго, што дапусьцілі назіральнікаў, усё астатняе зь беларускага досьведу было выкарыстана ў поўнай меры.

  • Трохдзённае датэрміновае галасаваньне, за якім немагчыма прасачыць.
  • Начная праца выбарчых камісій за закрытымі фіранкамі ў адсутнасьць назіральнікаў.
  • Маніпуляцыі зь бюлетэнямі.
  • Сэйфы з падвойным дном, з кардоннымі дзьверцамі ззаду, якія можна адчыніць і падмяніць.
  • Сьпісы надомнага галасаваньня, у якія ўносіліся імёны з фальшывымі пашпартнымі зьвесткамі.
  • Вялікая колькасьць людзей «надомнікаў», якія не прасілі сябе ўключаць у сьпісы для галасаваньня дома.
  • Назіральнікі, якіх білі і выводзілі з паліцыяй.
  • Назіральнікам не давалі блізка падыходзіць да сяброў выбарчых камісій.

Назіральнікі падлічылі ня менш за пяць тысяч парушэньняў, якія пасьпелі зафіксаваць. І ўсё дзеля таго, каб даказаць, што «Адзіная Расея» карыстаецца падтрымкай большасьці насельніцтва Расеі. Парушэньні прайшлі б зусім па беларускім сцэнары, каб не неабходнасьць легітымізаваць гэтыя выбары. Зусім без назіраньня быў бы беларускі сцэнар, а так атрымаўся гібрыдны беларускі сцэнар.

Пра ўмоўных Ціханоўскіх на будучых расейскіх выбарах

— У Беларусі ад пачатку ніхто не спадзяваўся на працэдуру выбараў, а ўспрымаў іх толькі як сымбаль, пасьля якога будзе ўсе самае галоўнае. І наўрад ці хтосьці сурʼёзна спадзяваўся, што на выбарах Ціханоўская можа перамагчы ў Ярмошынай. Гэта быў ужо поўны адчай. А ў Расеі мы напярэдадні поўнага адчаю. Гэта былі апошнія выбары, на якіх людзі яшчэ гулялі ў выбары. А наступныя выбары ў Расеі ўжо будуць «выбарамі Сьвятланы Ціханоўскай у Беларусі 2020 году». Калі гэтыя выбары адбудуцца, бо ўсе цямныя людзі, якія назіралі за працэдурай выбараў у Расеі, прыйшлі да высновы, што гэта апошнія выбары як такія, як працэдура.

Пра камуністаў у Дзярждуме

— Камуністы ня рады, што іх падтрымаў Навальны. Зюганаў — чалавек са зламаным «палітычным хрыбтом» яшчэ ў 1990-я гады. І ён сваю партыю ўспрымае як партыю-бізнэс. Прынамсі так сябе паводзіць. Тое, што яго падтрымаў Навальны, для яго хутчэй праблема. Бо Крэмль яго можа ў любы момант зьняць з лідэрства ў партыі і зрабіць зь ім усё што заўгодна. Цяпер, калі Навальны падтрымаў КПРФ і партыя атрымала больш галасоў, чым плянаваў Пуцін, Зюганаву трэба даказваць ляяльнасьць Крамлю. КПРФ павінен стаць звыш-адзінай-расеяй.

Яны мусяць прыходзіць у Дзярждуму і казаць, што Беларусь — расейская зямля, што ва Ўкраіне фашысты, іх трэба перамагчы неадкладна, Амэрыку разбурыць. Павінен сябе паводзіць як варʼят, каб яго не забілі ў палітычным сэнсе. Ён павінен даказваць звышляяльнасьць. Што гэта значыць для Беларусі? Што жыхары Беларусі пачуюць шмат разоў ад дэпутатаў Дзяржаўнай Думы нейкія заклікі да таго, каб яны сталі вобласьцю Расейскай Фэдэрацыі. Гэта нічога ня значыць з пункту гледжаньня палітыкі Крамля. Думаю, Пуціну будзе прыемна асаджваць Зюганава і казаць, што ёсьць у нас ашалелы, якога Навальны выбраў, але мы ж не такія.

Пра сцэнар «саюзнай дзяржавы» для Пуціна

— Магчыма, глядзячы на тое, як адбыліся выбары цяпер, 2024 году Пуцін чакаць не захоча. І ён можа паспрабаваць рэалізаваць адзін са сцэнараў, зьвязаны з саюзнай дзяржавай. Усе рызыкі — страта незалежнасьці, сувэрэнітэт у гібрыдным выглядзе — будуць захоўвацца. Як мапа, як опцыя на стале гэта ляжыць, але гэта, натуральна, будзе залежаць не ад Думы, а ад настрояў унутры Беларусі ўласна і ад стасункаў з Захадам.

Пра рэжым у Беларусі

— У Беларусі — рэжым, які зьнішчае людзей, падзяліўшы іх паводле нацыянальнай прыкметы на беларусаў і Беларусь. Віна гэтага рэжыму, што ён стварыў дзьве краіны. Мне вельмі шкада людзей, якія апынуліся ў гэтых невыносных умовах. Ім давядзецца неяк жыць. А паколькі людзям ніякай іншай магчымасьці не даецца, можна толькі пажадаць ім бясьпекі, удачы і цярпеньня. Магчыма, для беларусаў опцыя саюзнай дзяржавы ў тым сэнсе, што Расея дасьць нейкія магчымасьці для выезду і працы на тэрыторыі Расеі, больш зручная, чым цяпер існуюць, і здаецца адзіным выратаваньнем ад перасьледаў.

Калі Лукашэнка гаворыць сваім прыхільнікам, што гэта назаўсёды, я разумею, што гэта кажа чалавек, які прайграў. У гістарычным сэнсе зразумела, што гэта ўсё не назаўсёды. У Беларусі цяпер жыцьцё ў таталітарнай краіне. Гэта горш чым у позьнім СССР. Там людзей у такой колькасьці не зьбівалі, а спрабавалі дзейнічаць іншымі спосабамі.

Пра Расею і бясьпеку

— Расея ў параўнаньні зь Беларусьсю больш бясьпечная краіна. Наколькі дрэнная сытуацыя павінна быць у Беларусі, каб жыцьцё ў Расеі здавалася больш бясьпечным! Я думаю, што нават Чачэнія для беларусаў больш бясьпечнае месца, чым Менск. Прынамсі там ёсьць зразумелыя правілы гульні, а тут правілаў гульні няма, ты вінаваты проста тым, што думаеш. Калі Расея прыходзіць у Менск і кажа: «Так, вядома, перагібы былі на месцах, Акрэсьціна, жорсткасьць. Мы, безумоўна, не такія, усё будзе ня так і людзям стане больш свабодна». Вядома, Расеі і Беларусь бягуць навыперадкі. Паколькі Расея вялікая, там нельга вось так ужо. І Расея для беларусаў падасца цяпер мякчэйшай.

Пра страту незалежнасьці

— У гістарычнай пэрспэктыве такое абʼяднаньне можа азначаць страту незалежнасьці, а ў сам гэты момант жыць стане лягчэй. Псыхалягічны лягчэй і больш бясьпечна, калі Расея скажа, што давайце ня будзем хаця б катаваць. Расея па-іншаму гэта зробіць. Расея пачне грашыма, пакрытыкуе Лукашэнку за мінулае, многім гэта спадабаецца. Іншая справа, што Расея сама знаходзіцца на гістарычным раздарожжы і нельга сказаць, што яна застанецца ў тых межах, у якіх існуе цяпер. І калі адбудзецца цяпер саюзная дзяржава, ніхто ня дасьць гарантыі, што праз 20 гадоў не разваліцца ўсё і Беларусь не адваліцца сама сабой спакойна і ў яе ня зьявіцца новы гістарычны шанец пачаць з пачатку з нуля.

Пра грамадзянскую вайну, разьвязаную Лукашэнкам

— Цяпер Беларусь ня можа пачаць з нуля, бо Лукашэнка падзяліў краіну на дзьве часткі. Пачаць з нуля немагчыма бязь мірнага, вельмі складанага дыялёгу, на які ў беларусаў пойдзе адно пакаленьне. Проста для таго, каб дараваць адзін аднаму. Калі людзі не стралялі адзін у аднаго, гэта не значыць, што не было грамадзянскай вайны. Яна прайшла, яе стварыў, разьвязаў Лукашэнка і, як ён думае, перамог. Ён стварыў дзьве нацыі, якім трэба цяпер дамовіцца адзін з адным. Памірыцца. Дараваць адно аднаму. Гэта вельмі складаны працэс, які доўжыцца гадамі, дзесяцігодзьдзямі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG