Падчас урачыстасьцяў, якія праходзілі 17–18 верасьня ў Бялынічах на Магілёўшчыне, Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч у сваёй прамове павітаў рашэньне ўладаў вызваліць 13 палітвязьняў і заклікаў паскорыць гэты працэс, піша Сatholic.by.
«Я таксама ўдзячны ўладам, якія вырашылі ў Дзень народнага адзінства абвясьціць амністыю, вызваліўшы 13 чалавек са зьняволеньня.
Неабходна паскорыць гэты працэс, каб дазволіць сем’ям зьяднацца і вярнуцца на працу і ў свае сьвятыні.
Гэта, без сумневу, пойдзе толькі на карысьць працэсу нацыянальнага прымірэньня ў краіне дзеля агульнага дабра», — сказаў Антэ Ёзіч.
На 18 верасьня ў Беларусі прызнаныя палітвязьнямі 675 чалавек.
Пры гэтым арыштаваных і асуджаных за пратэсты супраць фальшаваньня выбараў і гвалт сілавікоў нашмат больш — з розных прычынаў ня ўсе атрымалі статус палітычных зьняволеных.