Як паведамляе тэлеграм-канал Ціханоўскай, у размове зь міністрам яна падкрэсьліла:
- нельга дапусьціць гандлю палітвязьнямі, усе зьняволеныя з палітычных матываў мусяць быць вызваленыя і рэабілітаваныя;
- трэба працягваць дыпляматычную ізаляцыю рэжыму, амбасадары ні ў якім разе не павінны ўручаць даверчыя лісты, легітымізаваць рэжым ці яго дзеяньні;
- важна таксама працягваць дапамогу беларускаму грамадзтву. Адным з крокаў можа быць спрашчэньне візавых працэдураў, у тым ліку выдача гуманітарных візаў для тых, каму патрэбна тэрміновая рэлякацыя зь Беларусі, а таксама адмена шэнгенскіх візаў для беларусаў;
- трэба разглядзець пытаньне прыпыненьня сяброўства Беларусі ў Інтэрполе і падтрымаць рэзалюцыю ў трэцім камітэце ААН аб Беларусі.
«Вельмі важна, каб Францыя, краіны ЭЗ, усе дэмакратычныя краіны гаварылі адным голасам, выступалі ў падтрымку Беларусі на міжнароднай арэне — у Радзе Бясьпекі ААН, на саміце G20», — адзначыла Ціханоўская.
Міністар Лё Дрыян заявіў, што Францыя падтрымлівае ўвядзеньне новых санкцый супраць рэжыму. Таксама, паводле міністра, Францыя працягне падтрымліваць грамадзянскую супольнасьць.
«Я хацеў бы пацьвердзіць салідарнасьць Францыі зь беларускім народам, прымаючы сёньня ў Парыжы Сьвятлану Ціханоўскую. Мы не пагодзімся з жорсткімі рэпрэсіямі рэжыму і актамі дэстабілізацыі супраць нашых эўрапейскіх партнэраў», — напісаў Лё Дрыян у сваім твітэры.