Пра гэта паведаміў сайт Крымінфарм, блізкі да расейскай адміністрацыі Крыму.
Адзначаецца, што адрэстаўраваны помнік (бюст) Дзяржынскаму ўсталявалі ў цэнтры Сымфэропалю ў гадавіну дня нараджэньня заснавальніка ВЧК — 11 верасьня. На адкрыцьці помніка прысутнічалі вэтэраны органаў дзяржбясьпекі і кадэты са школы № 4, шэфства над якой узяло крымскае ўпраўленьне ФСБ.
У прэсавай службе ўпраўленьня ФСБ Расеі па Крыму і Севастопалю заявілі, што Дзяржынскі «змагаўся ня толькі з контррэвалюцыяй, але і ўзьнімаў краіну з разрухі і галечы».
Фелікс Дзяржынскі пасьля бальшавіцкай рэвалюцыі 1917 году ўзначальваў першую савецкую спэцслужбу — Усерасейскую надзвычайную камісію (ВЧК), якая ў гады грамадзянскай вайны разьвязала тэрор у дачыненьні да людзей, якія абвінавачваліся ў датычнасьці да контррэвалюцыйнай дзейнасьці.
Устаноўка помніка выклікала крытыку прадстаўніка РПЦ протаіерэя Леаніда Калініна. У гутарцы з радыёстанцыяй «Гаворыць Масква» ён выказаў меркаваньне, што помнік «зьнясуць мясцовыя жыхары», паколькі ён абражае «памяць мільёнаў нявінных ахвяраў тэрору, голаду, холаду, пакут, катаваньняў, турмаў, лягераў».
- У Крыме пасьля ўзяцьця яго пад кантроль Чырвонай Арміяй восеньню 1920 года ахвярамі чырвонага тэрору сталі дзясяткі тысяч былых белых афіцэраў і мясцовых жыхароў.
- У жніўні 1991 году, пасьля паразы камуністычнага путчу ГКЧП, быў зрынуты помнік Дзяржынскаму ў Маскве, які стаяў каля будынку КДБ СССР.
- У апошнія гады ў Расеі неаднаразова вылучалася ініцыятыва аднавіць помнік Дзяржынскаму на Лубянскай плошчы ў Маскве. Аднак гэтая прапанова не была рэалізаваная.
- Фелікс Дзяржынскі нарадзіўся ў 1877 годзе на тэрыторыі сучаснай Беларусі.
- Яго імя ў Беларусі носяць горад Дзяржынск (былое Койданава), раён, праспэкт у Менску, у Дзяржынску стаіць помнік яму, а ў Менску, насупраць будынку КДБ — бюст.