«Роскомнадзор» адмаўляе, што праблемы зьвязаныя зь яго дзеяньнямі. Апэратары тым часам лічаць, што прычына ў абсталяваньні, якое рэгулятар усталяваў у рамках закону аб «сувэрэнным рунэце».
Як паведамляе «Коммерсантъ», апошнія пяць дзён карыстальнікі скардзяцца на працу FlashScore (стрымінгавы сэрвіс для онлайн-трансьляцый футбольных турніраў), Avito, гульняў World of Tanks і World of WarShips, Twitch (найбуйнейшы сэрвіс для стрымінгу гульняў) і BitTorrent. У звароце World of WarShips да карыстальнікаў гаворыцца, што праблемы паўсталі з прычыны блякаваньня VPN-сэрвісаў, у працэсе якога «было закранута мноства UDP-партоў, у тым ліку тыя, якія выкарыстоўваюцца ў гульні». Гэта прыводзіць «да немагчымасьці ўвайсьці ў гульню і адключэньня ад сэрвэра падчас збою», дадалі ў World of WarShips.
«Роскомнадзор» ня зьвязвае недаступнасьць рэсурсаў са сваімі абмежаваньнямі. «Пры рэалізацыі мерапрыемстваў па блякаваньні VPN названыя UDP-парты не блякаваліся», — заявілі «Коммерсанту» у ведамстве.
Крыніцы выданьня ў тэлефонных апэратараў расказалі, што тэставалі ўласныя сеткі і прычынай збояў лічаць ТСПУ (тэхнічныя сродкі процідзеяньня пагрозам), якое «Роскомнадзор» усталяваў на сетках у рамках закону аб «сувэрэнным рунэце». Па словах аднаго з суразмоўцаў «Коммерсанта», апэратары некалькі дзён таму зьвярнуліся ў падуладны «Роскомнадзору» Галоўны радыёчастотны цэнтар з просьбай патлумачыць сытуацыю, але адказу не атрымалі.
Афіцыйна найбуйнейшыя апэратары ня сталі камэнтаваць збоі. «Вымпелком» толькі адзначыў, што «на сеткі па законе ўстаноўлены іншыя тэхнічныя сродкі», якія «могуць узьдзейнічаць на пропуск трафіку». Невялікі апэратар у Пскоўскай вобласьці «Март» паведаміў карыстальнікам, што недаступнасьць шэрагу сэрвісаў зьвязана са спробамі «Роскомнадзора» заблякаваць VPN.
- У чэрвені «Роскомнадзор» абмежаваў выкарыстанне ў Расеі двух VPN-сэрвісаў — Opera VPN і VyprVPN. У верасьні дадаў яшчэ 6 сэрвічаў — Hola, VPN, ExpressVPN, KeepSolid VPN Unlimited, Nord VPN, Speedify VPN і IPVanish VPN. Іх праца, як патлумачыў рэгулятар, «стварае ўмовы для незаконнай дзейнасьці, зьвязанай з распаўсюджваньнем наркотыкаў, дзіцячай парнаграфіі і экстрэмізму». Прасьцей кажучы, сэрвісы абыходу блякаваньняў дазваляюць захоўваць доступ да забароненай інфармацыі і рэсурсаў, растлумачыў «Роскомнадзор». Тры зь пералічаных сэрвісаў — ExpressVPN, Nord VPN і IPVanish VPN — уваходзяць у сьпіс лепшых у сьвеце.
- У жніўні Цэнтрабанк паведаміў, што «Роскомнадзор» можа заблякаваць яшчэ чатыры VPN-сэрвісы — Psiphon, Tunnelbear, Thunder і Redshield. На гэтым тле ў Расеі сталі даражэць паслугі VPN-сэрвісаў.
- Калі «Роскомнадзор» спрабаваў заблякаваць Telegram, часова недаступнымі сталі IP-адрасы Google, «ВКонтакте», «Яндекса», Twitter, Facebook, «Одноклассников», Yahoo, Liveinternet і мноства іншых сэрвісаў. Telegram пры гэтым працягваў працаваць. Пасьля таго, як «Роскомнадзор» вырашыў запаволіць Twitter, упалі сайты Крамля, Дзярждумы, Сьледчага камітэту, Савету Фэдэрацыі і самога «Роскомнадзора».