На лаве падсудных апынуліся 20 падазраваных, у ліку якіх — меркаваны непасрэдны выканаўца злачынства Салах Абдэслам. Ён, як мяркуецца, адзіны, хто выжыў зь непасрэдных удзельнікаў нападу. Пра гэта распавядае Le Figaro.
Абдэслам і яшчэ 13 абвінавачаных асабіста прысутнічаюць на судзе, шасьцёра — ва ўцёках, а яшчэ пяцёра так і не былі арыштаваныя, аднак мяркуецца, што іх забілі ў Сырыі пры авіяўдары. У адказ на просьбу прадставіцца Абдэслам заявіў суду, што «няма бога, акрамя Алаха», і што ён застаецца байцом «Ісламскай дзяржавы».
Пасьля тэракту Абдэслам здолеў уцячы ад праваахоўных органаў і хаваўся ў сяброў у адным з раёнаў Брусэлю. Пазьней, калі паліцыя штурмавала кватэру, ён зноў уцёк, але празь некалькі дзён яго схапілі. Бэльгійскі суд прысудзіў яму 20 гадоў турмы за супраціў паліцыі і замах на жыцьцё супрацоўніка праваахоўных органаў, аднак затым Абдэслама перавялі ў францускую турму.
У часе слуханьняў, якія будуць доўжыцца каля паўгода, пазоўнікамі выступяць амаль дзьве тысячы чалавек. Суд заслухае больш за 300 сьведак, у тым ліку экс-прэзыдэнта Франсуа Алянда.
- У суботу ўвечары 13 лістапада 2015 году джыхадзісты арганізавалі ў Парыжы сэрыю сынхронных нападаў — у барах, рэстаранах, кафэ, канцэртнай залі і на стадыёне. Загінулі 130 чалавек, параненыя былі 350. Адказнасьць за тое, што адбылося, узялі на сябе баевікі «Ісламскай дзяржавы», заявіўшы, што ўчынілі помсту ў адказ на ўдзел Парыжа ў апэрацыі супраць групоўкі ў Сырыі і Іраку.
- Тэракт лічыцца самым буйным збройным нападам у гісторыі Францыі пасьля Другой сусьветнай вайны.
- Раніцай у сераду кіраўнік МУС краіны Жэральдо Дарманэн заявіў, што ў пэрыяд судовага разбору будзе захоўвацца высокая рызыка новых тэрактаў. Француская паліцыя пераведзеная ў рэжым падвышанай пільнасьці.