Міжнародная фэдэрацыя хакею (IIHF) заявіла, што ні Фэдэрацыя хакею Беларусі як арганізацыя, ні зборная Беларусі ў хакеі не былі адхіленыя і ня будуць аўтаматычна адхіленыя ад мерапрыемстваў IIHF пасьля дыскваліфікацыі старшыні Фэдэрацыі хакею Беларусі на 5 гадоў, піша Zerkalo.io.
Кіраўніка фэдэрацыі хакею Беларусі Дзьмітрыя Баскава дыскваліфікавалі пасьля 9-месячнага расьсьледаваньня Дысцыплінарнай камісіі IIHF, якая палічыла, што Баскаў парушае Кодэкс паводзінаў фэдэрацыі.
«Калі нацыянальная асацыяцыя-сябра не падпарадкуецца гэтаму рашэньню, гэта можа прывесьці да наступнага дысцыплінарнага працэсу супраць самой нацыянальнай асацыяцыі-сябра», — заявілі ў IIHF.
Дыскваліфікацыя Баскава, якога падазраюць у датычнасьці да забойства Рамана Бандарэнкі ў Менску, скончыцца 9 верасьня 2026 году.
Інцыдэнт адбыўся 11 лістапада 2020 году на «плошчы Перамен» у Менску, дзе група людзей сустрэлася, каб перарэзаць бел-чырвона-белыя стужкі, якія сьведчаць аб палітычнай апазыцыі ў Беларусі. На Бандарэнку падчас інцыдэнту напалі, ён атрымаў цяжкія раненьні і на наступны дзень памёр ад гэтых пашкоджаньняў.
Пасьля IIHF атрымала справаздачы ад Беларускага фонду спартовай салідарнасьці (BSSF) і даручыла незалежнай сьледчай фірме зрабіць агляд агульнадаступнай інфармацыі адносна сьцьвярджэньняў аб датычнасьці Баскава да інцыдэнту, які прывёў да сьмерці Бандарэнкі, і да любых дзеяньняў, зьвязаных з гэтым.