Акрамя таго, у анонсе спэцыялізаванага ў спорце каналу «Беларусь-5» не пазначаныя трансьляцыі іншых эўракубкавых спаборніцтваў — Лігі Эўропы і Лігі канфэрэнцыяў.
Белтэлерадыёкампанія нязьменна набывала правы на паказ матчаў Лігі чэмпіёнаў апошнія 18 гадоў, пачынаючы з сэзону 2003/2004. Кіраўніцтва БТ пакуль ня робіць камэнтароў на гэты конт, аднак адзін з супрацоўнікаў у размове са Свабодай сказаў, што прычына даволі банальная — няма лішніх грошай.
Акрамя таго, беларускія каманды беспасьпяхова правялі адборачны цыкль, ня трапілі ў лік прэтэндэнтаў на ўдзел у групавой стадыі. Паводле суразмоўцы, падобны расклад таксама паўплываў на рашэньне адмовіцца ад затратнай часткі бюджэту.
Сёлета ў жніўні скончыўся трохгадовы кантракт Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі з УЭФА на паказ клюбных турніраў, які трэба было працягваць або спыніць. У 2018 годзе Белтэлерадыёкампанія набыла правы на трансьляцыю групавых раўндаў і плэй-оф эўракубкаў тэрмінам на 3 гады. Вынікі продажаў чарговага пакету павінны былі абвясьціць 25 жніўня, у дзень лёсаваньня групавога этапу Лігі чэмпіёнаў.
Тады футбольная асацыяцыя заявіла, што адмовіліся ад падпісаньня дамоваў пад эгідай УЭФА шэсьць краін: Армэнія, Ізраіль, Казахстан, Ліхтэнштэйн, Люксэмбург і Малдова. Для Беларусі было зроблена выключэньне — перамовы на працяг чарговага трохгадовага цыклю на некаторы час адтэрмінавалі.
Тым часам 43 краіны Эўропы ўжо анансавалі сваім гледачам атрыманьне тэлеправоў на паказ футбольных турніраў.