Дырэктару і галоўнаму рэдактару БелаПАН Ірыне Леўшынай, а таксама былому дырэктару кампаніі Дзьмітрыю Наважылаву выставілі абвінавачаньні, пішуць naviny.online.
Абвінавачаньне паводле ч. 2 арт. 243 КК (ухіленьне ад выплаты падаткаў, што пацягнула прычыненьне шкоды ў буйным памеры) абаім выставілі яшчэ на мінулым тыдні. Меру стрыманьня ў выглядзе ўзяцьця пад варту для іх выбралі на два месяцы з моманту затрыманьня, паведаміла БелаПАН інфармаваная крыніца.
Леўшыну і Наважылава затрымалі 18 жніўня ў якасьці падазраваных паводле арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
27 жніўня Сьледчы камітэт паведаміў, што іх таксама падазраюць паводле ч. 2 арт. 243 КК (ухіленьне ад выплаты падаткаў, што пацягнула прычыненьне шкоды ў буйным памеры — «звыш 100 тысяч рублёў»). Санкцыя гэтага артыкулу — абмежаваньне волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленьне волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў са штрафам і пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасьцю або без пазбаўленьня.
18 жніўня затрымалі і бухгальтарку БелаПАН Кацярыну Боеву, якую праз 10 дзён адпусьцілі на волю пад абавязаньне аб яўцы — яна засталася падазраванай. Праваабаронцы прызналі ўсіх траіх палітвязьнямі.