Старшыня «Цмокаў» Юры Шакола на прэзэнтацыі каманды перад чэмпіянатам-2021/22 адзначыў, што пасьля гэтага першынства клюб атрымае іншую назву, якую пакуль не прыдумалі.
Назву «Цмокі» прыдумаў вядомы беларускі баскетбаліст Аляксандар Куль, які на той момант працаваў у клюбе мэнэджэрам. У красавіку да яго прыходзілі сілавікі.
«Цмокі» ўтварыліся ў 2006 годзе і напачатку насілі назву «Менск-2006». У 2012 годзе каманду назвалі «Цмокамі». Жаночая і мужчынская каманды доўгія гады зьяўляюцца наймацнейшымі ў краіне.
Жаночы калектыў 6 разоў заваёўваў залатыя мэдалі чэмпіянату Беларусі і 4 разы кубак, перамагаў у Балтыйскай лізе ў 2015-м, у 2019-м дайшоў да фіналу Эўралігі. Мужчынская каманда была чэмпіёнам 13 разоў, заваявала 12 кубкаў краіны і даходзіла да чвэрцьфіналу Эўрачэледжу.