На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказваюць дактары палітычных навук Сяргей Богдан і Андрэй Казакевіч.
Богдан
- Калі абвешчаныя інтэграцыйныя пагадненьні будуць падпісаныя — гэта будзе значная здача пазыцыяў беларускімі ўладамі пад ціскам, якому яны ўжо былі няздольныя супрацьстаяць.
- Прэм’ер Галоўчанка ў траўні сказаў, што асабліва зблізіць пазыцыі па «дарожных мапах» атрымалася за апошнія 6 месяцаў.
- Атрымліваецца, што гэтае збліжэньне адбылося ў разгар жорсткага палітычнага крызісу ў Беларусі.
- Менску даводзіцца паціху капітуляваць.
- Сямашка некалькі месяцаў таму казаў, што ставіцца задача да канца бягучага году стварыць адзіныя рынкі газу, нафты і нафтапрадуктаў, электраэнэргіі.
- У галіне бясьпекі ўжо цяпер адбываюцца беспрэцэдэнтныя рэчы.
- Нехта скажа, што Лукашэнка гуляе з расейскімі генэраламі супраць «Газпрому».
- Але я б зьвярнуў увагу на велізарнае перанакіраваньне транзытных плыняў на Расею.
- Гэта падрывае падмуркі беларускай дзяржаўнасьці так, як яе нішто іншае не падрывае.
- Гэта горш за ўсе гэтыя «мапы».
- На маё пытаньне многім экспэртам — як вы хочаце праз паглынаньне Беларусі Пуціным палепшыць стан правоў чалавека — я не пачуў адказу.
- Тое, што міжнародныя пазыцыі Беларусі вельмі слабыя — у гэтым усе вінаватыя, хоць Лукашэнка і больш за ўсіх.
- Я нядаўна правёў два месяцы ў беларускай правінцыі.
- Я быў уражаны ўзроўнем неляяльнасьці значнай часткі «начальства».
- Мне гэта ня вельмі падабаецца.
- Як некалі казаў дысыдэнт Уласаў, самае агіднае — гэта масавае прасьвятленьне.
- Масавае прасьвятленьне людзей, якія былі старшынямі выбарчых камісіяў, выклікае супярэчлівыя пачуцьці.
- Я не выключаю, што гэтая апазыцыйнасьць чыноўнікаў можа быць каналізаваная ў рэчышча думак: калі вышэйшае кіраўніцтва Беларусі кіраваць ня можа, давайце ўжо зробім, як там, як у Расеі.
- Там жа шмат у якіх эканамічных, адміністрацыйных пытаньнях усё больш лібэральна.
Казакевіч
- Розныя заявы пра тое, што інтэграцыйныя пагадненьні будуць падпісаныя неўзабаве, мы чуем ня першы раз.
- Расея скарыстала гэты крызісны год у Беларусі для таго, каб даціснуць падпісаньне пакету гэтых «мапаў».
- Я ня думаю, што будуць падпісаныя «мапы», якія будуць сурʼёзна абмяжоўваць фармальны беларускі сувэрэнітэт.
- Хоць гэтыя пагадненьні ў любым выпадку будуць узмацняць уплыў Расеі на Беларусь, і без таго даволі моцны.
- Чым больш папераў падпісваецца, тым больш вузкі калідор, у якім беларускія чыноўнікі могуць лявіраваць.
- Уніфікацыя падатковага заканадаўства не азначае, што Беларусь страціць кантроль за сваёй фіскальнай сыстэмай.
- Але калі расейскія падатковыя правілы распаўсюдзяцца на Беларусь, гэта будзе інстытуцыйная прывязка.
- Калі 9 верасьня будуць падпісаныя галіновыя пагадненьні, то ніякай рэакцыі Захаду ня будзе.
- Сурʼёзнай рэакцыі можна чакаць толькі ў тым выпадку, калі пагадненьні будуць наўпрост закранаць пытаньні сувэрэнітэту.
- Я не чакаю асабліва бурнай грамадзкай рэакцыі на падпісаньне «дарожных мапаў».
- Рэч у тым, што інтэграцыйныя працэсы адбываюцца незаўважна.
- Мяркую, што беларускі і расейскі бакі будуць імкнуцца, каб гэта так было і далей, каб не раздражняць грамадзтвы.
- Хто можа зразумець, у чым беларускі сувэрэнітэт абмяжуе ўніфікацыя падатковага заканадаўства, тым больш расьцягнутая на гады?
- Затое, магчыма, Беларусь атрымае кампэнсацыю за падатковы манэўр у нафтавай галіне РФ.
Што было раней
- Пра падпісаньне «дарожных мапаў» інтэграцыі падчас візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Маскву заявіў амбасадар Беларусі ў Расеі Ўладзімер Сямашка.
- «Мы, дзякуй Богу, праз тры гады знаходзімся на фінішы, калі з 28 мапаў засталася адна. Апошнюю, я думаю, мы 7-га (верасьня. — ТАСС) дацісьнем, і ўжо 9-га прэзыдэнты сустракаюцца ў Маскве, дзе будуць падпісаныя ўсе дарожныя мапы і мапы разьвіцьця паглыбленьня інтэграцыі», — сказаў ён на сустрэчы з губэрнатарам Варонескай вобласьці.
- Лукашэнка і Пуцін сустрэнуцца ў Маскве 9 верасьня.
- Паводле амбасадара, некаторыя дарожныя мапы прадугледжваюць падпісаньне не аднаго міжурадавага пагадненьня, а цэлага пакету дакумэнтаў. Самая складаная задача — уніфікацыя падатковага і мытнага заканадаўстваў, на што можа спатрэбіцца 2–2,5 года.
- Сямашка таксама паведаміў, што Беларусь пачне з канца гэтага году атрымліваць кампэнсацыю выдаткаў у сувязі з рэалізацыяй у нафтавай сфэры РФ падатковага манэўру.