Ігар Случак і Аліна Нагорная — сямейная пара, заснавальнікі ініцыятывы «Ўмовы для мовы». У ліставаньні з афіцыйнымі ведамствамі, дзяржаўнымі і камэрцыйнымі вытворцамі, спартовымі калектывамі заклікаюць да больш актыўнага выкарыстаньня беларускай мовы. Гэта тычыцца справаводзтва, маркіроўкі прадукцыі, нанясеньня прозьвішчаў на форме і г.д.
А цяпер яшчэ даводзіцца змагацца за права на якасную пітную ваду. Нягледзячы на лябараторныя дасьледаваньні Рагачоўскага занальнага цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі, якія пацьвярджаюць наяўнасьць праблемы, прабіць бюракратычныя сьцены надзвычай складана, кажуць яны.
Пазалетась з нараджэньнем сына Стэфана сям'я пасялілася ў вёсцы Перасека на Рагачоўшчыне, дзе адразу сутыкнулася з праблемай якасьці вады.
Мінулым летам з ініцыятывы маладых вяскоўцаў адпаведныя службы кантролю праверылі калодзежы і водаправод. Аказалася, што ў першым выпадку ўтрая перавышаныя нормы наяўнасьці нітратаў (у прыкладзеным дакумэнце гэта пазначана зьверху), у другім — у 10 разоў вышэйшая колькасьць жалеза і патройная неадпаведнасьць дапушчальнай мутнасьці (унізе афіцыйнага ліста).
І хоць нітратаў практычна няма ў вадзе з-пад крана, а жалеза — у вясковых студнях, Перасека ды іншыя навакольныя вёскі засталіся без нармальнай пітной вады, расказала Свабодзе Аліна Нагорная. Варыянт з падвозам цыстэрнамі чыноўнікі адмялі як «незапатрабаваны».
«Мы неаднаразова пісалі звароты, прыяжджалі камунальнікі, чысьцілі калодзеж, хоць гэта ніяк не ўплывае на нітраты, імітацыя дзейнасьці. Абяцалі арганізаваць падвоз вады, але на тым і скончылася. І, як часта бывае, замест таго каб вырашыць праблему, задумалі разабрацца з намі: прыходзяць то зь міліцыі, то са Сьледчага камітэту. Каб заняць чыноўнікаў, мы запатрабавалі праверыць усе калодзежы сельсавету. З адказаў вынікае, што гэта сапраўдная экалягічная катастрофа — ваду ў 80% піць нельга! Адзінае цешыць, улады патрацілі на дасьледаваньне каля 10 000 рублёў, і гэта арганізавала фактычна адна сям'я. Значыць, кожны, хто лічыць, што дзяржава пераводзіць ягоныя падаткі на нешта непатрэбнае, можа так зрабіць».
Гэта ж тычыцца і вонкавага выгляду аб’ектаў агульнага карыстаньня. Як паказвае практыка, пасьля прыцэльных зваротаў знаходзяцца сродкі на вонкавы рамонт тых жа калодзежаў. А вось з самой вадой праблема ніяк не вырашаецца.
Лябараторная праверка ахапіла 19 вёсак Дварэцкага сельсавету. Яна паказала, кажа Нагорная, што з 120 калодзежаў у 96 вада не адпавядае стандартам. Асноўная праблема — перавышэньне нарматываў па нітратах. Часам яно настолькі істотнае, што рэальна можна даведацца толькі тыя лічбы, якія паказвае максымальная шкала вымяральнага прыбора (200 мг/дм3 пры норме ня больш за 45 мг/дм3).
Аліна Нагорная параўноўвае гэта з ацэнкай наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, калі дазымэтры паказвалі максымальную для іх лічбу (вялікую, але не катастрафічную), хоць рэальныя паказьнікі былі ў дзясяткі ці нават сотні разоў большыя.
Паводле суразмоўцы, у пяці з амаль двух дзясяткаў вёсак наогул няма вады, прыдатнай для піцьця. Гэта дае падставы гаварыць пра лякальную экалягічную катастрофу.
Сёлета правялі паўторную праверку якасьці вады ў калодзежах вёскі Перасека — сытуацыя яшчэ пагоршала. Нітратаў цяпер больш за норму ў 4 разы. Паўторная праверка водаправоду зафіксавала перадазаваньне жалеза ажно ў 16 разоў, спаслалася на атрыманыя дакумэнты Аліна Нагорная.
«У будаўніцтве станцыі абезжалезваньня ў Перасецы нам адмаўляюць на той падставе, што тут жыве мала людзей — усяго 23 чалавекі. А правесьці за 1,5 кілямэтра водаправод з аграгарадка Дварэц, дзе такая станцыя ёсьць, эканамічна немэтазгодна — маўляў, трэба складаць дарагую праектную дакумэнтацыю, бо наяўных магутнасьцяў ня хопіць на забесьпячэньне дзьвюх вёсак. Дарэчы, ваду з гэтага водаправоду выкарыстоўвае і малочна-таварная фэрма «Перасека», што належыць філіялу «Дварэц» ААТ «СГЦ „Зарэчча“ і пастаўляе малако на ААТ „Рагачоўскі МКК“, вядомы сваёй згушчонкай. Санітарных нормаў для вады, якой пояць жывёлаў, у Беларусі не існуе — толькі для той, якая прызначана людзям».
Ня так даўно Ігар Случак і Аліна Нагорная зьвярнуліся ў Дварэцкі сельсавет з просьбай забясьпечыць аднавяскоўцаў пітной вадой, падвозячы яе з водаправоду, дзе якасьць вады адпавядае нормам.
Аднак заяўнікам адмовілі, аргумэнтаваўшы тым, што дамову можна заключыць толькі на платнай аснове, а гэта супярэчыць заканадаўству аб водазабесьпячэньні насельніцтва. Падобныя адказы атрымалі і жыхары іншых вёсак сельсавету, дзе няма якаснай вады.
Акрамя таго, вяскоўцы сутыкаліся з фактамі, калі інфармацыя ад дзяржаўных установаў не адпавядала рэчаіснасьці. Так, па зьвестках Дварэцкага сельвыканкаму, у Перасецы на калодзежах умацаваныя шыльды «Тэхнічная вада». На самой справе, сьцьвярджаюць тубыльцы, такіх шыльдаў няма нідзе, хіба за вельмі рэдкім выключэньнем.
Таксама Дварэцкі сельсавет у адказах аб забесьпячэньні вадой вёсак, дзе вада не адпавядае нормам, паведамляў, што аўтакрамы Рагачоўскага філіялу Гомельскай вобласьці ў поўным аб’ёме здольныя задавальняць патрэбы жыхароў праблемных вёсак у чыстай бутыляванай вадзе. Але жыхары кажуць, што калі спрабавалі купіць ваду ў аўтакраме, яе там наагул не было, а прадавец сказаў, што вады яны ня возяць.
Ня ўпэўненыя, што пазыцыя сельвыканкаму ўзгаднялася з аўтакрамамі, бо забясьпечыць людзей вадой празь іх немагчыма тэхнічна, падсумоўваюць Ігар Случак і Аліна Нагорная.
«Устаноўка станцыі абезжалезваньня таксама не вырашае праблемы. У тым жа Дварцы летась завяршылі дарагое будаўніцтва, якое не прынесла выніку. Вада, якая паступае непасрэдна са станцыі, чыстая, а як трапляе ў трубы водаправоду, з кранаў льецца зь перавышэньнем нормы жалеза ў 2,5 раза. Трубы старыя, і вычысьціць іх ад бруду, які зьбіраўся там дзесяцігодзьдзямі, немагчыма. Праблему можна вырашыць толькі іх заменай. Падобная сытуацыя і ў іншых населеных пунктах, дзе ёсьць падобныя станцыі, але дасьледаваньні не праводзіліся. Або не абвяшчаліся вынікі, бо нявыгадна паказваць, што дзяржаўныя грошы патрачаныя ўпустую», — не выключае Аліна Нагорная.
Дварэцкі сельвыканкам і Рагачоўскі райвыканкам паведамілі на лісты жыхароў Перасекі, што вада ў водаправодзе Дварца адпавядае норме. У той жа час з Гомельскага абласнога цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі заяўнікі атрымалі іншую інфармацыю.
Для больш апэратыўнай камунікацыі зь дзяржаўнымі ўстановамі нядаўна запрацаваў Случакбот. Гэта пляцоўка, дзе можна знайсьці нормы заканадаўства, дакумэнты на беларускай мове (даверанасьці, пазовы, дамовы і інш.). Цяпер тут ёсьць і спасылка на блянк заявы з патрабаваньнем забясьпечыць жыхароў той ці іншай мясцовасьці якаснай пітной вадой.