ЗША нанесьлі ўдар па «Ісламскай дзяржаве» на ўсходзе Афганістана пасьля атакі на аэрапорт Кабулу, у выніку якога загінулі амаль 200 чалавек, у тым ліку 13 амэрыканскіх вайскоўцаў, паведаміў «Голас Амэрыкі».
У чацьвер прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн паабяцаў, што ЗША будуць перасьледаваць тых, хто адказны за гэты тэракт, і паведаміў, што загадаў Пэнтагону нанесьці па іх удары.
Цэнтральнае камандаваньне ЗША паведаміла, што мэтай удару быў баявік, адказны за плянаваньне тэрактаў. Удар нанёс бесьпілётнік.
«Папярэднія дадзеныя паказваюць, што мы зьнішчылі мэту. Нам невядома пра ахвяры сярод мірнага насельніцтва», — гаворыцца ў заяве Цэнтральнага камандаваньня.
У заяве таксама не пазначана, ці зьвязаная атака з тэрактам у аэрапорце Кабулу.