Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 26 жніўня: «хатняя хімія» за пратэсты ў Жлобіне, Банцэр усё яшчэ ў ШЫЗА

абноўлена

Музы́ка Ігар Банцэр, архіўнае фота
Музы́ка Ігар Банцэр, архіўнае фота

Гады калёніі, «хіміі» і «хатняй хіміі», буйныя штрафы, арышты і ператрусы — штодня суды і сілавыя органы працуюць зь людзьмі, заўважанымі ці падазраванымі імі ў акцыях пратэсту супраць дзейных уладаў.

Крымінальны перасьлед

1,5 года «хатняй хіміі» за ўдзел у пратэстах

23-гадовага Ўладзіслава Паважнага са Жлобіна вінавацілі ў актыўным удзеле ў групавых дзеяньнях, што груба парушалі грамадзкі парадак у ноч з 9 на 10 жніўня 2020 году. Пасяджэньне вёў судзьдзя Яўген Ерафееў, бок дзяржабвінавачаньня падтрымліваў Андрэй Аношка.

Мужчына прызнаў віну цалкам і патлумачыў суду, што палітыкай не цікавіўся, але пасьлявыбарчыя падзеі былі яму цікавыя, бо такога ніколі не было ў Жлобіне. Таксама ён сказаў, што цяпер яго жыцьцёвая пазыцыя цьвёрдая, ён з упэўненасьцю можа сказаць, што такога больш не паўторыцца — ён падтрымлівае дзейную ўладу і раскайваецца ў тым, што ўчыніў. Аднак гэтыя словы не ўратавалі яго ад абвінаваўчага выраку — 1,5 года «хатняй хіміі», піша «Вясна».

Палітвязьня Банцэра пакінулі ў штрафным ізалятары

Горадзенскаму музыку і актывісту Ігару Банцэру дадалі яшчэ 10 сутак штрафнога ізалятара. 26 жніўня ён мусіў выйсьці пасьля 20 дзён, якія прабыў там, паведамляе «Белсат». Такім чынам, агулам у ШЫЗА Банцэр правядзе месяц.

У чэрвені палітзьняволенага лідэра панк-гурту Mister X паставілі на прафіляктычны ўлік «па экстрэмізьме» — як «схільнага да дэструкцыйных дзеяньняў». Ігара Банцэра асудзілі на 1,5 года абмежаваньня волі з накіраваньнем ва ўстанову адкрытага тыпу. Яго абвінавацілі ў хуліганстве, бо станцаваў без штаноў перад міліцыянтам. Банцэр сваёй віны не прызнаў. Пакараньне ён адбывае на «хіміі» ў Віцебску.

Ператрус у Вялейцы

Дома ў вялейскага грамадзкага актывіста Паўла Хаванскага адбыўся ператрус. Ён паведаміў у фэйсбуку, што ператрус праводзілі ў крымінальнай справе за абразу начальніка менскага АМАПу Дзьмітрыя Балабы.

Магілёўцу перакваліфікавалі справу на больш сур’ёзную

Актывісту з Магілёва Валянціну Лабачову выставілі больш цяжкое абвінавачаньне за «зьнявагу» Лукашэнкі. Раней яго падазравалі паводле ч. 1 арт. 368 КК («Зьнявага прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь»), а цяпер абвінавачаньне перакваліфікавалі паводле ч. 2 арт. 368 КК, піша «Белсат».

Да гэтага Лабачову пагражала да 4 гадоў зьняволеньня, цяпер жа максымальнае пакараньне прадугледжвае да 5 гадоў за кратамі.

Сам Лабачоў лічыць, што перакваліфікацыя адбылася за тое, што ён абвінаваціў Лукашэнку ў цяжкіх злачынствах.

1,5 года «хіміі» за сарваны чырвона-зялёны сьцяг

Антону Шлемену, які ў чэрвені сарваў чырвона-зялёны сьцяг з будынку крамы ў Пінску, прысудзілі 1,5 года «хіміі», колькі і патрабаваў пракурор. На суд прыехала здымачная група «Беларусь-4». Шлемен пагадзіўся даць ім камэнтар.

14 дзён арышту за налепку з Пагоняй на машыне

43-гадовага Дзяніса Ільінчыка затрымалі 24 жніўня. Падставай для яго затрыманьня стала налепка з гістарычным гербам «Пагоня» на задніх дзьвярах аўтамабіля. За гэта ў Цэнтральным РУУСе на Дзяніса склалі пратакол паводле арт. 24.23 КаАП. 26 жніўня ў судзе Цэнтральнага раёну Ільінчыка пад арышт на 14 сутак адправіў судзьдзя Дзьмітры Карсюк.

Па словах Ільінчыка, на машыне, акрамя налепкі з Пагоняй, ёсьць яшчэ налепка з хрысьціянскім крыжам, бо ён верыць у Бога. Мужчына кажа, што гэтыя налепкі разьмешчаны на машыне ўжо амаль 5 гадоў, імі ён не выказвае сваіх палітычных поглядаў, а толькі веравызнаньне, бо «ВКЛ — цэнтар хрысьціянства, а акрамя вершніка, на гербе ёсьць крыж». Налепку з гербам міліцыянты зьнішчылі.

На судзе Ільінчык абурыўся паказаньнямі сьведкі-міліцыянта, які сьцьвярджаў, што затрыманьне адбылося апоўдні. Мужчына ж заявіў, што 24 жніўня ён прыехаў у ДАІ, каб сплаціць штраф за няправільную паркоўку. Штраф сплаціў толькі каля 15-й, на што зьвярнуў увагу сьведкі.

Палітвязень Кірыл Паўлавец пачаў адбываць пакараньне на «хіміі»

Кірыл Паўлавец з жонкай і дзіцем, архіўнае фота
Кірыл Паўлавец з жонкай і дзіцем, архіўнае фота

У красавіку Кірыла Паўлаўца асудзілі на 3 гады «хіміі» паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).

Яго затрымалі 4 кастрычніка пасьля «Маршу вызваленьня палітвязьняў». У сьнежні ў СІЗА ён захварэў на COVID-19 і трапіў у шпіталь.

Паводле матэрыялаў сьледзтва, 30 жніўня на менскай плошчы Свабоды Паўлавец заклікаў да ўдзелу ў масавых мерапрыемствах, перашкодзіў працы транспарту, асабліва аўтобусаў. У адпаведны сьпіс міліцыянты ўключылі, бадай, усе маршруты, якія праяжджаюць па навакольных вуліцах. 9 жніўня Паўлавец на праспэкце Дзяржынскага, вуліцах Пушкіна і Жукава нібыта перашкаджаў руху транспарту, гэтым разам і тралейбусаў.

27 жніўня ў судзе Савецкага раёну Менску разгледзяць грамадзянскі пазоў «Менсктрансу» супраць Паўлаўца за панесеныя страты — 28 150 рублёў, паведаміла «Вясна».

У сямʼі Кірыла Паўлаўца жонка і двое дзяцей.

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG