Па словах Бізлі, з прычыны некалькіх гадоў засухі, канфліктаў, пагаршэньня эканомікі і пандэміі COVID-19 Афганістан чакае «ідэальны шторм». Для прадухіленьня гуманітарнай катастрофы ААН спатрэбіцца ня менш за 200 мільёнаў даляраў да верасьня. Да гэтага тэрміну ў краіне скончыцца ежа для жыхароў, а колькасьць афганцаў, якія маюць патрэбу ў гуманітарнай дапамозе, падвоіцца.
ААН спадзяецца, што неабходны для дапамогі Афганістану бюджэт выдзеляць ЗША, Катар і іншыя краіны Пэрсыдзкай затокі. Талібы абяцалі гарантаваць, што дапамога будзе даходзіць да тых, хто мае патрэбу, паведаміў Бізлі.
Паводле ацэнак экспэртаў, у Афганістане пражываюць 36 мільёнаў чалавек.
У лістападзе мінулага году замежныя краіны плянавалі выдаць 12 мільярдаў даляраў на гуманітарную дапамогу Афганістану цягам чатырох гадоў. Пры гэтым многія дзяржавы паведамілі, што падтрымка залежыць ад захаваньня ў краіне правоў чалавека.
ААН паведаміла аб атрыманьні дакладных зьвестак аб сур’ёзных парушэньнях з боку талібаў пасьля іх прыходу да ўлады — у тым ліку, як адбываецца пакараньне цывільных асобаў і прадстаўнікоў сілаў бясьпекі Афганістану, якія здаліся . «Талібан» заявіў, што будзе расьсьледаваць любыя паведамленьні аб жорсткасьці.
«Талібан» прытрымліваўся строгай вэрсіі ісламскіх нормаў (шарыяту), калі рух кіраваў Афганістанам да 2001 году. Кантроль практычна над усёй краінай талібы зноў усталявалі 15 жніўня, калі бяз бою, як і многія іншыя гарады і раёны, паў Кабул. З тых часоў члены ісламісцкага руху спрабуюць пераканаць сусьветную супольнасьць у тым, што яны паводзяць сябе стрымана, пазьбягаюць гвалту, гатовыя пашырыць правы жанчын і дзяўчынак, забясьпечыць некаторую свабоду слова.