Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У любым выпадку будуць зьяжджаць». Лёгкаатлет Андрэй Краўчанка — пра забарону спартоўцам выяжджаць за мяжу


Андрэй Краўчанка. 2014 год.
Андрэй Краўчанка. 2014 год.

Беларуская лёгкаатлетка Крысьціна Ціманоўская, якая адмовілася вяртацца на радзіму пасьля ціску на Алімпіядзе, заявіла, што беларускія ўлады забаранілі спартоўцам выяжджаць на спаборніцтвы і нават на адпачынак за мяжу.

Паводле яе словаў, афіцыйна такой забароны няма, але яе калегі скардзяцца, што атрымліваюць такія ўказаньні.

Беларускі лёгкаатлет Андрэй Краўчанка, які таксама адмовіўся вяртацца ў Беларусь і застаўся ў Нямеччыне разам з жонкай, расказаў Настящему Времени пра тое, што вядома пра новую забарону і як гэта адаб’ецца на карʼеры беларускіх спартоўцаў.

— Як вы даведаліся аб забароне для беларускіх спартоўцаў выяжджаць на спаборніцтвы за мяжу?

— Мне напісаў ананім у інстаграме, паказаў перапіску, сказаў, што пра гэта хутка ўсё даведаюцца. Я спачатку падумаў, што гэта нейкі ўкід, няправільная інфармацыя, і пачакаў трохі. І на наступны дзень адзін з маіх калегаў пацьвердзіў інфармацыю. Ён зьбіраўся выехаць на камэрцыйны старт і яму сказалі: «Калі паедзеш, то толькі праз заяву на звальненьне». Я зразумеў, што гэта ня чуткі, што гэта праўда.

У мяне такое меркаваньне, што, магчыма, гэта будзе нейкая часовая мера, паколькі 12 верасьня будзе паўмаратон, дзе Лукашэнка будзе прысутнічаць. І яны хочуць зрабіць прыгожую карцінку — сабраць усіх спартоўцаў, якія на кантракце, таму што ім у любым разе прыйдзецца ісьці альбо звальняцца. Хочуць сабраць, напэўна, войска, МУС — усіх пазьбіраць і зрабіць прыгожую карцінку. Магчыма, для гэтага хочуць, каб ніхто не выяжджаў з краіны, каб усе былі на месцы.

— То бок, зараз маюць адбыцца нейкія камэрцыйныя спаборніцтвы за мяжой — і для таго каб вакол Лукашэнкі сабралася як мага больш спартоўцаў, іх за мяжу не выпускаюць?

— Гэта адна з вэрсій. Яшчэ адна вэрсія, што не жадаюць, каб спартоўцы ўзялі прыклад з Крысьціны Ціманоўскай і шукалі магчымасьць трэніравацца і выступаць за іншыя зборныя.

— Гэта азначае, па сутнасьці, што ўлады Беларусі баяцца, што беларускія спартоўцы будуць бегчы з краіны, калі выедуць за мяжу на спаборніцтвы, папросяць там палітычны прытулак?

— У любым выпадку спартоўцы будуць зьяжджаць, таму што такое трываць вельмі складана — увесь час нешта круцяць... Вельмі цяжка будзе спартўцам цяпер. Фінансаваньне будзе ўрэзацца — будзе эканомія. Я ня ведаю, што будзе далей.

— Многія спартовыя аглядальнікі называюць выступленьне беларускай зборнай на Алімпіядзе ў Токіо ня самым удалым. Лукашэнка таксама выказваў незадаволенасьць. Як вы лічыце, магчыма, палітычнае становішча ў краіне паўплывала на такі няўдалы алімпійскі вынік?

— Ды не, гэта ўжо сыстэма ўся парушаная. Няма сыстэмы падрыхтоўкі, усё будуецца на індывідуальных якасьцях спартоўцаў, на таленце. Мэдалёў з кожнай Алімпіядай усё менш і менш. Таму пакуль ня будзе нейкай нармальнай сыстэмы разьвіцьця спорту ў краіне, калі ў спорце будуць менавіта спартоўцы, а не ваенныя, тады і будзе разьвіцьцё, тады можна будзе казаць пра добрыя выступы на спаборніцтвах і гэтак далей. А зараз пакуль усё дэградуе.

— Вы ў жніўні выехалі з краіны. Магчыма, беларускай алімпійскай зборнай бракуе спартоўцаў праз тое, што спартоўцы бягуць з краіны?

— Не, гэта ўсё адбываецца праз сыстэму падрыхтоўкі. Трэнэраў не хапае, усё сумна, на самай справе. Палацаў набудавалі, а сыстэмы няма.

— Як склаўся лёс у беларускіх спартоўцаў, якія публічна выказалі нязгоду з вынікамі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі і павінны былі выехаць з краіны?

— Іх рэпрэсавалі. Калі браць маю гісторыю — мяне звольнілі адусюль імгненна, нават не папярэдзілі пра гэта. Іншых спартоўцаў запалохвалі, да мяне прыяжджалі з пагрозамі — шмат было ўсяго. І ў турме многія пасядзелі, і сядзяць шмат хто ў турме да гэтага часу. Таму нічога добрага з гэтага ня выйдзе.

— Вы выехалі з Беларусі. Які цяпер будзе ваш далейшы лёс за мяжой?

— Мой далейшы лёс будзе залежаць толькі ад мяне. Я буду шукаць магчымасьць тут трэніраваць людзей. Бо ў Беларусі я гэтага рабіць не магу, прыйдзецца трэніраваць дзяцей у Нямеччыне. Жонка, я думаю, працягне карʼеру ў якім-небудзь нямецкім клюбе.

— Гэта значыць, што так ці інакш свой далейшы спартовы лёс спартоўцы, якія выяжджаюць зь Беларусі, за мяжой знаходзяць?

— Так.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG