Пра гэта заявілі ўлады краіны, пасьля таго як амаль усю тэрыторыю Афганістану ўзяў пад кантроль рух «Талібан».
Сытуацыя ў Афганістане, дзе брытанскія вайскоўцы і іх саюзьнікі цяпер вядуць эвакуацыю пэрсаналу сваіх дыпмісіяў, стала ў сераду прадметам дэбатаў у Палаце грамадаў брытанскага парлямэнту.
Прэм’ер-міністар Борыс Джонсан пацьвердзіў узятыя на сябе ўрадам абавязаньні наконт прыёму ўцекачоў. Прыярытэт, як было сказана, будзе аддавацца жанчынам, прадстаўнікам рэлігійных і іншых меншасьцяў. Апазыцыя патрабуе павялічыць гэтую квоту.
Джонсан таксама заявіў, што рэжым талібаў брытанскі ўрад будзе ацэньваць па яго справах, а не па словах. Ён выключыў магчымасьць аднаўленьня баявой місіі NATO у краіне для барацьбы з талібамі, салідарызаваўшыся з пазыцыяй прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна.
Талібы занялі Кабул 15 жніўня. Аэрапорт у сталіцы Афганістану пад кантролем сілаў міжнароднай кааліцыі на чале з ЗША. Паводле першапачатковага графіку, да 31 жніўня яны павінны быць выведзеныя з краіны. Цяпер яны забясьпечваюць эвакуацыю.
Паводле Reuters, за апошнія трое сутак з краіны вайсковымі самалётамі былі вывезеныя каля 2200 чалавек — гэта супрацоўнікі заходніх дыпмісіяў, а таксама афганцы, якія ратаваліся ад улады талібаў. Талібы не спрабуюць узяць аэрапорт штурмам, аднак, паводле паведамленьняў, перашкаджаюць афганцам, якія хочуць дабрацца да аэрапорту.
Напярэдадні прадстаўнікі руху «Талібан» далі ў Кабуле першую прэсавую канфэрэнцыю пасьля ўзяцьця гораду. Яны паабяцалі не перасьледаваць ні сваіх праціўнікаў у грамадзянскай вайне, ні тых, хто супрацоўнічаў з амэрыканскімі вайскоўцамі, паабяцалі змагацца з тэрарыстычнымі групоўкамі і наркагандлем, а таксама захоўваць правы жанчын і свабоду СМІ — як было сказана, «у рамках шарыяту».