Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Спартоўцы растуць толькі ў свабоднай краіне». Былы галоўны трэнэр хакейнай юнацкай зборнай Аляксандар Румо — пра ад’езд і «баявы год»


Аляксандар Румо. 16 жніўня 2020 году.
Аляксандар Румо. 16 жніўня 2020 году.

Былы галоўны трэнэр юнацкай зборнай Беларусі ў хакеі Аляксандар Румо, які пайшоў у адстаўку летась у верасьні, разам зь сямʼёй зьехаў у Польшчу. У эфіры Свабоды Premium Аляксандар Румо расказаў пра прычыны адʼезду і пляны ў новай краіне. Румо параўнаў сытуацыю ў Беларусі з пажарам на тарфяніках.

Спартовец перакананы, што спартоўцы растуць і перамагаюць толькі ў вольнай краіне.

Сьцісла

  • Паўночная Карэя ўвайшла ў наша жыцьцё, і я вырашыў пакінуць краіну.
  • Рашэньне было прынятае ў красавіку-траўні, да апошняга была надзея, што ў краіне нешта зьменіцца.
  • Спадзяюся, што я застануся трэнэрам, толькі ўжо не ў Беларусі, а ў Польшчы.
  • Алімпійскія гульні ў Токіё ўсё расставілі на свае месцы — дзе мы, а дзе спорт.
  • Немагчыма вырасьціць зорку сусьветнага клясу пад бізуном. Раб усё роўна ніколі ня стане супэр-чэмпіёнам, свабодна ня будзе ні перамагаць, ні прадстаўляць сваю краіну.

«Такога году ў маім жыцьці яшчэ не было»

— Вы пайшлі ў адстаўку летась у верасьні з прычыны разыходжаньня ў палітычных поглядах з кіраўніцтвам Фэдэрацыі хакею Беларусі, амаль год былі бяз працы па спэцыяльнасьці ў Беларусі. Зусім нядаўна пераехалі ў Польшчу. Раскажыце, якім быў для вас год пасьля адстаўкі і што стала апошнім аргумэнтам на карысьць адʼезду?

Аляксандар Румо
Аляксандар Румо

— Год быў вельмі «баявы». Такога году ў маім жыцьці яшчэ не было. Практычна год я жыў без хакею, але форму не губляў, у мяне былі трэніроўкі з адной дзіцячай камандай. Там я падтрымліваў нейкую трэнэрскую форму, не забываў, як трэба стаяць на каньках, як сьвістаць. Працаваў у аднаго сябра... Год быў цяжкі і ў той жа час павучальны.

— У сьнежні, калі мы размаўлялі, вы казалі, што «ніякага ціску на мяне не аказваецца». Ці так было далей? Чаму вырашылі, што ўсё ж трэба зьяжджаць?

— Я адчуваў, што знаходжуся пад нейкім наглядам. Некалькі разоў да мяне наведваліся зь Першамайскага РУУС. Я асабліва гэтаму значэньня не надаваў. Але калі ў краіне пачалі грукацца і проста заходзіць да людзей, у якіх ёсьць дзьверы, ня вельмі бясьпечна стала заставацца. Паўночная Карэя ўвайшла ў наша жыцьцё і распарадзілася. І я прыняў рашэньне, што трэба пакідаць краіну.

«Хочацца, каб мае дзеці жылі ў свабоднай краіне»

— Няпростае рашэньне. Вы разам зь сямʼёй зьехалі. Як уладкаваліся ў Польшчы? Ці ёсьць магчымасьць працы хакейным трэнэрам?

Аляксандар Румо разам з сынам
Аляксандар Румо разам з сынам

— Рашэньне было прынятае ў красавіку-траўні. Да апошняга была надзея, што ў краіне нешта зьменіцца. Я думаў, што розум запануе, ня думаў, што да такога маразму дойдзе. Напісаў у польскую амбасаду, патлумачыў сытуацыю, мне і маёй сямʼі выдалі візы. Майму малодшаму сыну трэба ісьці ў першую клясу, старэйшы ў школу ходзіць. Са школьнай праграмы ў Беларусі выкрасьлілі Алексіевіч, там ёсьць праграма «Малыш-патрыёт», у школах зноў зьяўляюцца ваенрукі. Хочацца, каб мае дзеці жылі ў свабоднай краіне. У тым ліку і дзеля дзяцей я сабраўся і паехаў. І самому яшчэ хочацца пажыць у свабоднай краіне.

У Польшчы я ўдзельнічаў у двухтыднёвым трэніровачным лягеры, у які мяне запрасілі адразу па прыезьдзе. Думаю, што да канца гэтага тыдня я вызначуся з далейшай трэнэрскай карʼерай. Спадзяюся, што я застануся трэнэрам, толькі ўжо не ў Беларусі, а ў Польшчы.

— Вы сказалі, што яшчэ была надзея. А цяпер яе няма, ці яна меншая?

— Надзея памірае апошняй. Але гледзячы на тое, што адбываецца... Мне 50 гадоў. Я ня так мала пажыў і пабачыў. Я працаваў у сыстэме. Я жыў пры Лукашэнку 27 гадоў. Ці гэта нас не зусім тычылася, ці мы ўмелі сыходзіць ад усяго гэтага ў нейкую ўнутраную эміграцыю... Я ніколі ня думаў, што дойдзе да такога, што цяпер адбываецца ў нас у краіне. Надзея ёсьць, але я ня ведаю, як яна можа прывесьці да перамогі, іншага жыцьця, свабоды. Я пакуль ня бачу шляхоў, хоць надзеі і веры не губляю. Надзея нейкая далёкая, калі параўноўваць са жніўнем мінулага году, калі ўсё пачыналася. У красавіку быў ня проста спад і зацішша, проста пэўнай групе людзей дазволілі абсалютна ўсё, а іншым нельга нават коса глянуць.

«Спартоўцы растуць толькі ў свабоднай краіне, гэта аксіёма»

— За гэты год я шмат разоў хацела зьвярнуцца да вас па камэнтар, але сьвядома гэтага не рабіла, бо шчыры адказ мог быць небясьпечным для вас. Што адбывалася гэты год у беларускім хакеі? Якая атмасфэра, якія настроі хакеістаў? Ці зьяжджаюць іншыя спартоўцы? Ці рыхтуюцца да адʼезду?

— Зь беларускім хакеем я ня быў зьвязаны амаль год, за выключэньнем некалькіх чалавек, зь якімі я падтрымліваў адносіны. Там нічога не адбываецца. Людзі проста сагнуліся. Ня тое што супакоіліся, яны і не падымаліся. Яны згорбіліся і працягваюць ціхенька рабіць сваю працу.

Што тычыцца спорту ўвогуле, Алімпійскія гульні ў Токіё ўсё расставілі на свае месцы — дзе мы, а дзе спорт і ўвогуле дзе ўсё. Тут справа не ў хакеі, лёгкай атлетыцы, штанзе ці іншым віду спорту. Спартоўцы, асобы растуць толькі ў свабоднай краіне. Гэта аксіёма. Вырасьціць зорку сусьветнага клясу пад бізуном і пад такім ціскам — ня ведаю, як магчыма. Раб усё роўна ніколі ня стане супэр-чэмпіёнам, свабодна ня будзе ні перамагаць, ні прадстаўляць сваю краіну. У нейкі момант ён можа і даць нейкі вынік пад страхам і нейкім ціскам. Але вялікую, зорную спартовую карʼеру пабудаваць немагчыма.

Справа ў самім грамадзтве. У свабодным грамадзтве, дзе жывуць свабодныя, самадастатковыя людзі, няма праблемаў ні са спортам, ні з мэдыцынай, ні з адукацыяй. Ёсьць адна праблема — канкурэнцыя. Калі хочаш чагосьці дасягаць, ты павінен канкураваць і перамагаць у сумленнай барацьбе.

У Польшчы не сказаў бы, што хакей моцны. Але тут іншы падыход. Я бачыў, як у нас у Салігорску мужчына па шлеме хлопца ўдарыў. Вялікая розьніца з тым, як польскія трэнэры вядуць трэніроўкі. Да дзяцей, якія вельмі слабыя, стаўленьне, нібы яны майстры. Іх падбадзёрваюць, нават калі гулец слабы, яму даюць магчымасьць раскрыцца нейкім чынам. Я перакананы, што нашаму хакею гэтага не хапае. Усе хочуць зь дзесяцігадовымі дзецьмі абавязкова заняць першае месца, каб прэмію атрымаць. А што потым будзе з гэтымі дзецьмі, ці патрэбнае ім гэтае першае месца, ніхто пра гэта ня ведае.

У Польшчы на першым месцы — адносіны, камунікацыя трэнэра зь дзецьмі, тут нельга крычаць, ні ў якім разе ня біць. Ты павінен разам ісьці да нейкай мэты, хоць і бачыш, што, можа, дзіця яе і не дасягне, але ты ўсё роўна яго матывуеш. Мне такі падыход вельмі імпануе. І гульцы ўсё роўна зьяўляюцца. Ніхто нікога не прымушае, не крычыць, усё на пазытыве, і ёсьць добрыя гульцы ў выніку. І палякі будуць граць кваліфікацыю ў жніўні. Тут ад зборнай шмат чакаюць Яны абыгралі казахаў і лічаць, што ёсьць шанец пазмагацца за алімпійскую пуцёўку.

«Так наладжаная гэтая сыстэма на падаўленьне»

— Тое, што адбылося зьлёгкаатлеткай Ціманоўскай, я маю на ўвазе не яе рашэньне не вяртацца, а тое, як зь ёй абыходзіліся трэнэры, чыноўнік ад спорту, — наколькі было распаўсюджана такое стаўленьне да спартоўцаў і такі спосаб вырашэньня праблемаў?

— Гэтая гісторыя ня толькі ў спорце. Ты начальнік ЖЭСу, сельсавету, яшчэ чагосьці, і ўсе падначаленыя павінны хадзіць гарбатыя, слухаць цябе, і няважна, ці кампэтэнтны ты. Усе павінны баяцца, бо ты можаш пакараць, пазбавіць прэміі. Тое, што адбылося зь Ціманоўскай... Я быў перакананы, што так адбываецца. Калі так адбываецца паўсюль, то чаму гэта не павінна ў спорце адбывацца? Так наладжаная гэтая сыстэма на падаўленьне.

Ты павінен бегчы 400 мэтраў, а калі скажуць, павінен бегчы 900 мэтраў, хоць і такой дысцыпліны няма. Скажуць — ты павінен бегчы басанож. Ты павінен выконваць усё, што табе скажуць. Добра, што ёй не сказалі бегчы 3000 мэтраў зь перашкодамі, ці капʼё кідаць, ці ў даўжыню, усё роўна ж гэта бег. У нас усё так. Гэта не выключэньне.

— Мы размаўляем 16 жніўня, у гадавіну самай маштабнай мірнай акцыі пратэсту, у якіх вы бралі ўдзел. Які настрой у вас цяпер, як вы гледзіце ў будучыню?

Аляксандар Румо
Аляксандар Румо

— 16 жніўня я быў на стэле, паўсюль. Было адчуваньне, што выйшаў увесь Менск. Выходзілі і ў іншых гарадах. Мора людзей, пазытыў. У мяне былі цяжкія хакейныя матчы, у якіх перамагаў, і пасьля іх не адчуваў такога падʼёму, як ад таго выхаду 16 жніўня. Так, як было да 9 жніўня, ужо ніколі ня будзе. Можна рэпрэсіямі запалохаць людзей, што і адбылося. А 16 жніўня выйшлі нармальныя, адэкватныя людзі — бізнэс, ІТ, дактары, настаўнікі, усе, хто захацеў жыць інакш.

Сёньня нас запалохалі і разагналі. Наш пратэст быў падкрэсьлена мірны. Людзі нікуды не падзеліся, і ніхто не пагадзіўся з тым, што адбылося. Пажар ёсьць, але ён як на тарфяным балоце. Ты глядзіш зьверху, і нібыта нічога няма, а ўнутры там усё роўна гарыць. Чым усё завершыцца і калі другая хваля прыйдзе, я ня ведаю, але яна ўсё роўна прыйдзе. Размова ня скончаная...

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG