Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы дагэтуль верым, што вернемся дахаты». Як беларуская сямʼя апынулася пасьля пратэстаў у Канадзе


Марыя і Аляксей Далбенкі (стаяць у цэнтры) падчас адной з акцый салідарнасьці ў Канадзе
Марыя і Аляксей Далбенкі (стаяць у цэнтры) падчас адной з акцый салідарнасьці ў Канадзе

Больш за 7100 кілямэтраў аддзяляе Аляксея Далбенку з жонкай Марыяй ад роднага Менску. Цяпер яны ў Таронта. «Мы не прапусьцілі ніводнага маршу пратэсту. Але калі мне паведамілі, што на нас дадзена каманда „фас!“, мусілі зьехаць», — кажа 59-гадовы Аляксей.

«Трапіў у шэрагі дысыдэнтаў яшчэ ў 80-х»

Аляксей нарадзіўся на Берасьцейшчыне. Скончыў Харкаўскую вышэйшую вайсковую камандна-інжынэрную вучэльню. Служыў у ядзерных сілах у Казахстане.

«Там трапіў у дысыдэнцкія шэрагі. Бо адмовіўся служыць Савецкаму Саюзу. У дысыдэнцкія шэрагі трапіў мэнтальна — шмат чытаў, у тым ліку і розныя сакрэтныя матэрыялы. Нешта ў галаве тады шчоўкнула. Зразумеў, якое гэта паскудзтва, гэты Саюз. Бачыў у Казахстане ўсю мярзоту савецкага рэжыму. Мяне тады звольнілі з войска, выключылі з КПСС. І калі Саюз накрыўся, я так радаваўся! Думаў: ну нарэшце наступіць нармальнае жыцьцё. У 1991 годзе я адчуваў шчасьце, калі разумеў, што бурыцца гэтая мярзотная імпэрыя, меў вялікія надзеі на будучыню», — успамінае Аляксей.

На радзіме па спэцыяльнасьці (спэцыяліст у сыстэмах кіраваньня лятальнымі апаратамі) Аляксей тады ўладкавацца ня мог. Не было такой працы. Таму таксаваў, працаваў грузчыкам, пазьней адкрыў ліцэнзію на міжнародныя перавозкі, працаваў у сфэры харчаваньня. «Я ад дзяржавы нічога не атрымаў. Ды і нічога не чакаў ад яе. Сам зарабляў», — удакладняе беларус.

Ён кажа, што ніколі і не галасаваў. Аляксандра Лукашэнку не падтрымліваў ад 1994 году.

«Увесну адчуў гэты вецер перамен. Натхніўся!»

Аляксей Далбенка
Аляксей Далбенка
Марыя Далбенка
Марыя Далбенка

Увесну 2020 году Аляксей «адчуў гэты вецер перамен, натхніўся».

«Я не фанат ні Ціханоўскага, ні Бабарыкі. Але калі летам гэтыя тры жанчыны аб’ядналіся, натхніўся. Ціханоўская, зразумела, не палітык, але яна была сымбалем, сьцягам. Я прасякнуўся. Ды і ня толькі я адзін. Агітаваў знаёмых, сяброў. Мне, бо я маю шырокае кола камунікацый, казалі чыноўнікі, казалі з МУС, што будуць галасаваць за Ціханоўскую. У дзень галасаваньня 9 жніўня ў мяне, хоць я чалавек дасьведчаны і не наіўны, было ўражаньне, што мы перамаглі. Мы паехалі з жонкай на лецішча. А калі ўключылі інтэрнэт, калі мы ўсё гэта пачыталі! Вярнуліся ў Менск. Вырашылі ўдзельнічаць ва ўсім. І з 13 жніўня мы не прапусьцілі ніводнай акцыі ці маршу», — кажа Аляксей.

На маршах ён натхняўся беларускай моладзьдзю.

«Наша моладзь — вар’яцкая, добрая, прыгожая, адданая! Калі хто падыходзіў на акцыях нападпітку, яму адразу тлумачылі, каб адышоў, каб не дыскрэдытаваў пратэст. Я сам потым выступаў на плошчы Незалежнасьці. Можа, падставіў сваю сям’ю, але выказаў усё, што я думаю пра сямейства Лукашэнак. Потым я запісаўся ў Каардынацыйную раду, пашыраны склад. Пазьней гэта зрабіла і мая жонка. Яна таксама працавала валянтэркай у камандзе камітэту супраць катаваньняў — дакумэнтавала гісторыі пацярпелых ад міліцэйскага гвалту. Дзіўна, але ці мой вайсковы досьвед дапамог, ці ўдача, але мы ніводнага разу ня трапілі пад арышт. Толькі аднойчы Марыя ішла ўвечары вуліцай, і яе схапілі ў бусік. Але дзякуючы таму, што яна ня мела з сабой тэлефона, яе адпусьцілі — не знайшлі нічога такога», — кажа беларус.

Марыя Далбенка ў ланцугу жанчын каля Камароўскага рынку
Марыя Далбенка ў ланцугу жанчын каля Камароўскага рынку

«Мне перадалі, што па нас прыйдуць»

У Аляксея былі сувязі ў розных структурах.

«Мы засьвяціліся на маршах. І Марыя, і я. Мне перадалі, што па нас неўзабаве прыйдуць. Мы мелі тады канадзкія візы. Хоць Канада была закрытая праз COVID-19, але спачатку Марыі, а потым і мне ўдалося вылецець і дабрацца да Таронта. Я сеў на самалёт. Памаліўся, што на свабодзе, і паляцеў», — кажа былы жыхар Менску.

Чаму менавіта ў Канаду? Аляксей кажа, што яшчэ ў 90-х меў жаданьне зьехаць ці ў ЗША, ці ў Канаду. «Мусіць, гэта жаданьне цяпер мяне дагнала», — лічыць беларус.

«У Канадзе людзі проста насалоджваюцца жыцьцём»

У Канадзе Аляксею і Марыі падабаецца. Аляксей бачыць вялікую розьніцу паміж Беларусьсю і Канадай.

«У Таронта бадай палова жыхароў — мігранты. Тут не адчуваеш, якой ты нацыянальнасьці. Тут няма такога, каб паказаць сябе, нейкія панты. Людзі могуць прыйсьці ў краму ў піжаме, тут няма нікому справы, як ты апрануты, якая ў цябе прычоска. Людзі проста насалоджваюцца жыцьцём. Вакол усьмешкі. І яны ня штучныя, не! Чалавек табе ўсьміхаецца, бо хоча паказаць, што ўсё ў парадку, ён гатовы кантактаваць з табой і ня шкодзіць табе. Я неяк ехаў на ровары, і ён зламаўся. Паліцыянты кінуліся мне дапамагаць — гэта проста фантастыка нейкая! Людзі добразычлівыя, няма ніякай агрэсіі. З голаду тут ніхто не памрэ — ёсьць фуд-банкі, дзе можна атрымаць ежу», — расказвае Аляксей.

Аляксей Далбенка (у цэнтры) і Марыя Далбенка (справа ад яго) на адной з акцый салідарнасьці ў Канадзе
Аляксей Далбенка (у цэнтры) і Марыя Далбенка (справа ад яго) на адной з акцый салідарнасьці ў Канадзе

Ён зазначае, што леташнія падзеі ў Беларусі згуртавалі дыяспару. Маладыя людзі пачалі ганарыцца, што яны беларусы.

«Гэта так здорава! Нарэшце мы аб’ядналіся. Я яшчэ ў 80-х спрабаваў згуртаваць беларусаў у войску, але дарэмна, мы былі ўсе кожны сам сабе. Цяпер мы адзіныя. Я дагэтуль веру, што мы тут ненадоўга і вернемся дахаты», — кажа былы мянчук.

Ён просіць лідэраў беларускага пратэсту «ўсюды гаварыць, што мы за эўрапейскі выбар, якая к чорту Расея? Яна нас проста зьнішчыць».

Што робіць канадзкая дыяспара для Беларусі

Беларуска Алена Лявончанка ўжо трынаццаць гадоў жыве ў Таронта. Яна старшыня Згуртаваньня беларусаў Канады. Кажа, што з пачаткаў пратэстаў мясцовыя беларусы пераймаюцца за сваю краіну, суайчыньнікаў. Беларусы Канады самаарганізаваліся, пачалі ладзіць акцыі, стварылі групы ў Telegram і Facebook.

«Мы стараліся рабіць маршы і акцыі скаардынавана, па ўсёй Канадзе. Людзі арганізаваліся ў групы, каб дапамагаць беларусам на радзіме. Я не магу назваць, каму дапамагалі, бо за гэта могуць быць наступствы для людзей у Беларусі. Я ведаю як мінімум дзьве суполкі, якія працуюць па прыкладзе Ineedhelp (кампаніі беларусаў ЗША, якія дапамагаюць прадуктамі землякам. — РС). Мы ладзілі канцэрты, і офлайн, і онлайн, zoom-сустрэчы, зьбіралі ахвяраваньні для дапамогі беларусам», — расказала Алена.

Акцыя салідарнасьці ў Таронта 30 жніўня 2020
Акцыя салідарнасьці ў Таронта 30 жніўня 2020

Дыяспара шмат часу ўдзяляе захаваньню беларускай культуры — праводзяць абрады Купальле і Каляды, арганізавалі фальклёрныя і тэатральныя гурткі. У Канадзе дзейнічае Беларускі інстытут навукі і мастацтва.

«Мы бачым, што летась беларусы зразумелі, што яны адчуваюць адказнасьць за свае жыцьці, працу. Бо калі жывеш у дэмакратычнай краіне, то разумееш, што „тваё жыцьцё — твая праца“. Гэта ня тое, што табе дзяржава дае ці ўрад, а тое, што ты сам робіш, ствараеш. Дзяржава толькі забясьпечвае законы і абарону. А свае праблемы людзі самі мусяць вырашаць. Мы, тыя, хто цяпер жыве ў дэмакратычных краінах, мусім дапамагаць сваім суайчыньнікам. І будзем гэта рабіць і далей», — запэўніла Алена.

Яна кажа, што калі паглядзець на апошнія 300 гадоў гісторыі Беларусі, «то прагрэс відавочны». «Мы адстаялі свой народ, мову, культуру, здабылі дзяржаву. Застаўся яшчэ крок — зрабіць дзяржаву народнай і дэмакратычнай. Застаўся крок да сьветлай мары. Гэта зойме час. Але гэта здарыцца», — упэўнена беларуска.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG