Пасажырам прапануюць перанесьці дату вылету ці здаць квіткі за поўны кошт. Разам з тым вылеты зь Менску ў Ірак застануцца, гаворыцца ў паведамленьні.
6 жніўня а 12:45 у Менску прызямліўся самалёт Iraqi Airways з Багдаду. Міністар замежных спраў Іраку запэўніў свайго літоўскага калегу Габрыелюса Ландсбергіса, што ён прыляцеў пусты, каб забраць тых, хто вяртаецца ў Ірак, паведаміла Delfi.lt з спасылкай на BNS.
Авіякампанія FlyBaghdad скасавала ранішні рэйс з Багдаду, але вечаровы з прыбыцьцём у Менск а 22:15 пазначаны ў сёньняшнім раскладзе кампаніі і на табло прылёту менскага аэрапорту.
Днём раней Iraqi Airways скасавала рэйс у Менск з Басры, а FlyBaghdad выканала рэйс з Багдаду.
Сёлета мяжу зь Беларусі ў Літву перасеклі больш за 4 тысячы мігрантаў. Большасьць зь іх ірацкія грамадзяне.
Ад 3 жніўня на загад міністра ўнутраных справаў літоўскія памежнікі пачалі вяртаць мігрантаў у Беларусь, транзытам церазь якую яны рушаць у Літву з краін Азіі і Афрыкі. 5 жніўня літоўцы затрымалі толькі 19 мігрантаў, астатніх разьвярнулі. 6 жніўня колькасьць затрыманых мігрантаў зьменшылася да двух.
4 жніўня Памежны камітэт Беларусі паведаміў пра гібель іракца паблізу памежнага пункту ў Беняконях. Ён нібыта сканаў на руках беларускіх памежнікаў. Літоўскія службы заявілі, што прачыталі гэтую інфармацыю ў СМІ, а кіраўнік Міністэрства абароны Літвы Арвідас Анушаўскас назваў гэтыя паведамленьні беларускага боку «правакацыяй».