«Разглядаюцца вэрсіі пра самагубства і пра забойства з імітаваньнем самагубства. Гэта дзьве асноўныя вэрсіі, хаця мы не адкідаем іншых. Магчыма, у часе расьсьледаваньня будуць і іншыя вэрсіі», — паведаміў Ігар Кліменка 3 жніўня на прэсавай канфэрэнцыі ў Кіеве.
Кіраўнік паліцыі зьняпраўдзіў інфармацыю, што ў Віталія Шышова быў зламаны нос.
«Пакуль мы канстатуем, што была садраная скура на носе, на левым калене і невялікія драпіны на губе», — удакладніў ён і дадаў, што канчаткова стан мусіць вызначыць экспэртыза.
Ігар Кліменка таксама паведаміў, што Віталь Шышоў не зьвяртаўся ў паліцыю з заявамі пра тое, што за ім сочаць. «Такіх зваротаў не было, ні летась, ні сёлета».
На прэсавай канфэрэнцыі прадэманстравалі фатаздымкі з асабістымі рэчамі загінулага, знойдзеныя на месцы гібелі, сьляды, а таксама вяроўку, складзеную ў чатыры разы.
«Дадатковыя падрабязнасьці мы зможам паведаміць толькі пасьля правядзеньня дадатковых экспэртыз. Гэта ўсё, што мы маем на дадзены момант», — паведаміў кіраўнік Нацыянальнай паліцыі Ігар Кліменка.
Пры гэтым сёньня раніцай паліцыя з нагоды сьмерці Шышова завяла крымінальную справу паводле артыкулу 115 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны (наўмыснае забойства).