Беларускі Хэльсінкскі камітэт падаў зварот у Генэральную пракуратуру з нагоды ўмоў утрыманьня ў турме на Акрэсьціна пасьля таго, як пракуратура Менску адмовілася разглядаць зварот па-сутнасьці.
БХК зьвяртаўся ў менскую гарадзкую пракуратуру 19 ліпеня, патрабуючы правесьці праверку ўмоў утрыманьня ў ЦІП і ІЧУ ГУУС Менскага гарвыканкама, а таксама ацаніць законнасьць рашэньня аб абмежаваньні перадач да аднаго дня ў тыдзень. Аднак, паведамляюць праваабаронцы, іх зварот быў пакінуты без разгляду па-сутнасьці: нібыта БХК ня мае права накіроўваць такія звароты ў інтарэсах грамадзян.
Пасьля гэтага арганізацыя зьвярнулася ў Генэральную пракуратуру. На думку БХК, «пракуратура Менска ўхіляецца ад выкананьня асноўных задач, ускладзеных на яе дзяржавай, — а менавіта: забесьпячэньне вяршэнства права, законнасьці і правапарадку, абарона правоў і законных інтарэсаў грамадзян і арганізацый, а таксама грамадзкіх і дзяржаўных інтарэсаў».
Праваабаронцы просяць Генпракуратуру прызнаць адказ пракуратуры Менска незаконным і неабгрунтаваным і абавязаць яе разгледзець зварот па сутнасьці, правесьці праверку ў ЦІП і ІЧУ на Акрэсьціна, праверыць законнасьць абмежаваньня перадач, прыцягнуць да адказнасьці вінаватых у парушэньнях, у тым ліку службовых асоб пракуратуры Менска, якія ўхіліліся ад разгляду звароту.
Раней усім незадаволеным умовамі ўтрыманьня ў ЦІП афіцыйны прадстаўнік Гэнэральнай пракуратуры Дзьмітры Брылёў параіў зьвяртацца ў «адпаведныя органы». З пытаньнем «Як спыніць катаваньні на Акрэсьціна» да чыноўнікаў і прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі зьвярнуліся журналісты «Народнай Волі».
«У чалавека ніхто не адбіраў права скарыстацца інстытутам скаргаў. Мы, безумоўна, таксама адсочваем СМІ, зьвернем увагу. Але калі журналіст зьвяртаецца — гэта крыху ня тое. Цяпер кожную інфармацыю трэба пераправяраць, вельмі шмат фэйкаў. А закон аб зваротах грамадзян ніхто не скасоўваў, ён працуе. І той, хто канкрэтна пацярпеў, можа накіраваць зварот у адпаведныя органы. Іншае пытаньне, чаму не адпраўляе. Трэба разьбірацца. Але і самі людзі павінны паказаць, у які пэрыяд часу і ў чым канкрэтна парушаныя іх правы», — адказаў Дзьмітры Брылёў.
Пасьля публікацыі нататкі з цытатай прадстаўніка Генпракуратуры ў рэдакцыю Zerkalo. Io паступілі дзясяткі паведамленьняў ад чытачоў, якія дзяліліся сваім досьведам напісаньня скаргаў на ўмовы ўтрымання ў ІЧУ і ЦІП — на Акрэсьціна і Жодзіна.