Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спрынтэрка Ціманоўская, якую за крытыку спрабавалі вывезьці з Алімпіяды, прыехала ў амбасаду Польшчы ў Токіё

абноўлена

Крысьціна Ціманоўская ў аэрапорце Токіё пад аховай паліцыі
Крысьціна Ціманоўская ў аэрапорце Токіё пад аховай паліцыі

За ўчынены дэмарш з крытыкай спартовых фунцыянэраў Крысьціну Ціманоўскую вырашылі гвалтоўна выправіць з Токіё.

2 жніўня выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартовай салідарнасьці Аляксандар Апейкін ў этэры «Настоящего времени» паведаміў, што Ціманоўская можа папрасіць палітычнага прытулку ў Польшчы.

«Яна цяпер знаходзіцца ў Токіё. Яна ўжо мае зносіны з Міжнародным алімпійскім камітэтам і з прэсай. Ужо падала заяву на прадастаўленьне палітычнага прытулку ў Польшчы, таму яна ўжо ў дарозе знаходзіцца. З ёй усё ў парадку, — сказаў Апейкін. — Трымаецца добра, зразумела, што гэта стрэсавая сытуацыя не толькі для спартсмэна, але і чалавека — апынуцца пад такім ціскам. Гэта маладая дзяўчына, на якую аказалі ціск дарослыя дасьведчаныя функцыянэры».

Паводле інфармацыі Фонду спартовай салідарнасьці, 1 жніўня Ціманоўскай тэрмінова набылі білет на самалёт, прадстаўнікі нацыянальнай команды прывезьлі яе ў аэрапорт, у трэці тэрмінал. Вылет праз Стамбул быў заплянаваны на 16:50 паводле беларускага часу.

Аднак Крысьціна зьвярнулася да супрацоўнікаў аэрапорту і паліцыі з просьбай аб дапамозе.

У інтэрвію агенцтву Reuters Крысьціна Ціманоўская заявіла, што яе даставілі ў аэрапорт насуперак яе волі. Таксама яна паведаміла, што зьвярнулася да прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў Токіё, каб яны забралі яе з аэрапорту.

Крысьціну Ціманоўскую суправаджае паліцыя
Крысьціну Ціманоўскую суправаджае паліцыя

Сьледам Крысьціна Ціманоўская зьвярнулася да кіраўніцтва Міжнароднага алімпійскага камітэту з просьбай неадкладна ўмяшацца ў надзвычайную сытуацыю. Цяпер яна пад аховай паліцыі ў аэрапорце.

«Я прашу Міжнародны алімпійскі камітэт аб неадкладнай дапамозе. На мяне быў аказаны ціск і мяне спрабуюць вывезьці з краіны без маёй згоды, таму я прашу тэрмінова ўмяшацца», — заявіла спартоўка ў адмысловым відэазвароце.

Неўзабаве алімпійская арганізацыя адказала, што пільна вывучае сытуацыю зь беларускай лёгкаатлеткай.

Раней прадстаўнік МАК сказаў агенцтву Reuters, што кіраўніцтва камітэту бачыла паведамленьні СМІ і разглядае гэтую праблему. Прэсавы сакратар камітэту паведаміў, што зьвярнуўся па тлумачэньні ў Алімпійскі камітэт Беларусі.

Стала вядома, што ў аэрапорт выехалі прадстаўнікі Міністэрства замежных справаў Японіі.

Лідэр Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Павал Латушка паведаміў у сваім тэлеграм-канале, што амбасада Польшчы ў Токіё на просьбу Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва гатовая з сёньняшняга дня аказаць праўную і консульскую дапамогу Крысьціне Ціманоўскай.

Паводле Латушкі, МЗС Польшчы даў адпаведнае даручэньне консулу Польшчы ў Токіё, зь якім ужо навязвае сувязь беларуская дыяспара ў Японіі.

Намесьнік міністра замежных справаў Польшчы Павал Яблоньскі 2 жніўня заявіў, што ягоная краіна гатовая прыняць беларускую спартсмэнку.

«Мы яшчэ ўчора адрэагавалі на гэтую сытуацыю, калі атрымалі інфармацыю. Мы зьвярнуліся да прадстаўнікоў спадарыні Ціманоўскай і знаходзімся зь імі ў кантакце.

У інтарэсах справы мы не можам пакуль падаць больш падрабязнасьцяў, акрамя таго, што Польшча гатовая прыняць спадарыню Ціманоўскую, забясьпечыць ёй абарону і працяг спартовай кар’еры», — сказаў Яблоньскі ў эфіры Польскага радыё.

2 жніўня беларуска мусіла стартаваць на дыстанцыі 200 мэтраў. 30 ліпеня яна заняла 4 месца ў першым кваліфікацыйным раўндзе бегу на 100 мэтраў і ня здолела прайсьці ў наступную стадыю спаборніцтваў у гэтай дысцыпліне.

Як паведаміў Фонд спартовай салідарнасьці, з Крысьцінай Ціманоўскай працуюць валянтэры і паліцыя.

«Цяпер я знаходжуся з паліцыяй. Пакуль яны вырашаюць, што рабіць», — пацьвердзіла сама Ціманоўская @euroradio.

Паводле Крысьціны Ціманоўскай, ніякіх прэтэнзіяў да яе за крытыку чыноўнікаў прадстаўнікі беларускай дэлегацыі на Алімпіядзе ў Токіё не агучвалі. Ёй проста загадалі зьбіраць рэчы і ляцець дадому.

У аэрапорт Крысьціну Ціманоўскую суправаджалі двое ўдзельнікаў беларускай дэлегацыі ў Токіё.

«Адзін псыхоляг, адзін з НАК нехта», — сказала «Эўрарадыё» атлетка. На пытаньне, ці баіцца яна ляцець у Беларусь, Ціманоўская адказала: «Так».

Пазьней яна заявіла, што плянуе прасіць прытулак у Эўропе. Папярэдняе рашэньне лёгкаатлеткі — зьвяртацца ў амбасаду Аўстрыі ў Токіё.

«Я не вярнуся ў Беларусь», — сказала Ціманоўская агенцтву Reuters у паведамленьні праз Telegram.

У кампаніі Turkish Airlines заявілі, што грамадзянка Беларусі Ціманоўская не праходзіла рэгістрацыю на рэйс Токіё — Стамбул.

Крысьціна размаўляе з супрацоўнікамі службы бясьпекі аэрапорту
Крысьціна размаўляе з супрацоўнікамі службы бясьпекі аэрапорту

Як нагадвае спартовы рэсурс «Трыбуна», пасьля жорсткіх разгонаў вулічных пратэстаў у першыя дні за прэзыдэнцкімі выбарамі — 2020 Крысьціна Ціманоўская выступіла «супраць гвалту з усіх бакоў» і за «свабоду слова».

Алег Ждан, прадстаўнік беларускай дыяспары ў Японіі, расказаў, што ў аэрапорт прыбыла здымачная група найбуйнейшага японскага тэлеканалу NHK. Яны будуць асьвятляць сытуацыю са спробаю гвалтоўнай дэпартацыі Ціманоўскай.

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Павал Латушка заявіў, што загад на эвакуацыю Ціманоўскай з алімпійскага Токіё аддаў асабіста Аляксандар Лукашэнка.

НАК: у сувязі з эмацыйна-псыхалягічным станам

Нацыянальны алімпійскі камітэт пракамэнтаваў акалічнасьці сытуацыі з Крысьцінай Ціманоўскай.

«Паводле высновы лекараў, у сувязі з эмацыйна-псыхалягічным станам беларускай лёгкаатлеткі Крысьціны Ціманоўскай, трэнэрскім штабам нацыянальнай каманды ў лёгкай атлетыцы прынята рашэньне аб спыненьні выступу спартоўкі на Гульнях XXXII Алімпіяды. Такім чынам, адкліканая заяўка спартоўкі на ўдзел у кваліфікацыйных забегах на 200 м і ў эстафэце 4×400 м».

Сама спартоўка зьняпраўдзіла гэта, запэўніўшы, што мэдыкі яе не аглядалі і ніякіх рэкамэндацыяў не давалі.

Крысьціна Ціманоўская ў аэрапорце Токіё
Крысьціна Ціманоўская ў аэрапорце Токіё

1 жніўня дзяржаўны тэлеканал АНТ выпусьціў матэрыял, у якім асудзіў паводзіны лёгкаатлеткі Крысьціны Ціманоўскай.

«Пэўныя алімпійцы эмацыйна „паплылі“ яшчэ да старту. Пост у Instagram Крысьціны Ціманоўскай інакш як „нястрыманай выхадкай“ складана назваць. Няўцямная спроба нешта растлумачыць. Але слова — не верабей», — гучала ў сюжэце.

Раней лёгкаатлетка абурылася тым, што без аніякага папярэджаньня яе паставілі на эстафэту 4×400 мэтраў замест бягухаў Ганны Міхайлавай і Крысьціны Мулярчык, якіх празь недагляд спартовых функцыянэраў адхілілі ад Гульняў, бо ім бракавала неабходнай колькасьці допінг-пробаў. Не выбіраючы словаў, спартоўка абвінаваціла ва ўсім трэнэрскі штаб і Беларускую фэдэрацыю лёгкай атлетыкі.

Ад пачатку Крысьціна Ціманоўская мела выступаць толькі на індывідуальных дыстанцыях 100 і 200 мэтраў.

З падобнай прычыны ў Токіё не змагла вылецець скакуха ў вышыню, падпісантка ліста свабодных спартоўцаў за сумленныя выбары і супраць гвалту Марыя Жодзік.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG