З-за рашэньня расейскіх уладаў Злучаныя Штаты вымушаныя звольніць 182 служачых, якія працавалі ў амэрыканскіх дыпляматычных прадстаўніцтвах у Маскве, Уладзівастоку і Екацерынбургу. Пра гэта гаворыцца ў заяве дзяржсакратара ЗША Энтані Блінкена.
Паводле распараджэньня расейскага ўраду, дыпляматычным прадстаўніцтвам, консульскім установам і прадстаўніцтвам дзяржорганаў ЗША на тэрыторыі Расеі забараняецца заключаць працоўныя дамовы з грамадзянамі Расеі і трэціх краін. Забарона ўведзена ў красавіку ўказам прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, а 13 траўня ўрад Расеі зацьвердзіў сьпіс «недружалюбных замежных дзяржаў», у які ўвайшлі Чэхія і ЗША.
Расейскі бок абавязаў ЗША выканаць распараджэньне да 1 жніўня 2021 году.
Дзяржсакратар ЗША адзначыў, што гэтыя захады «сур’ёзна паўплываюць» на місію ЗША ў Расеі, у прыватнасьці на бясьпеку пэрсаналу, а таксама на дыпляматычную працу з расейскім урадам.
«Хоць мы шкадуем аб дзеяньнях расейскіх уладаў, якія вымусілі скараціць нашу дзейнасьць і прадастаўленьне паслуг, Злучаныя Штаты будуць выконваць свае абавязальніцтвы, працягваючы падтрымліваць прадказальныя і стабільныя адносіны з Расеяй», — падкрэсьліў Энтані Блінкен.
Забароне наймаць грамадзян Расеі і трэціх краін папярэднічала высылка дзесяці амэрыканскіх дыпляматаў і забарона на ўезд у Расею васьмі высокапастаўленых чыноўнікаў. Гэта стала адказам на пашырэньне санкцый у дачыненьні Расеі з боку ЗША за кібэратакі і заяве Вашынгтону аб тым, што «шкоднасныя зьнешнепалітычныя дзеяньні» Расеі ўвасабляюць «надзвычайную пагрозу» нацыянальнай бясьпецы і эканоміцы ЗША.