Сваімі дзеяньнямі Расея «відавочна парушае наш сувэрэнітэт», — цытуе прэзыдэнта ЗША агенцтва Bloomberg. Ён, як паведамляюць, прывёў як прыклад інфармацыю, атрыманую ім у выведным брыфінгу, які штодня складаюць службы выведкі для кіраўніка Белага дому.
Зьмест штодзённых брыфінгаў, якія ўкладаюць службы выведкі для прэзыдэнта ЗША і яго бліжэйшых дарадцаў, рэдка бывае здабыткам грамадзкасьці, адзначае «Голас Амэрыкі». Словы Байдэна прагучалі пасьля таго, як у мінулым месяцы прэзыдэнт сустрэўся з расейскім лідэрам у Швайцарыі. І Байдэн, і Пуцін высока ацанілі праведзеныя перамовы, назваўшы іх карыснымі і патрэбнымі для паслабленыя напружанасьці ў амэрыкана-расейскіх дачыненьнях.
Байдэн таксама выказаў здагадку, што рэальная «гарачая» вайна з буйной дзяржавай, калі гэта здарыцца, будзе хутчэй за ўсё «вынікам кібэратакі зь вялікімі наступствамі». У сваіх камэнтарах прэзыдэнт ЗША падкрэсьліў, што ўсё больш кібэратакаў супраць амэрыканскіх дзяржаўных устаноў і прыватных кампаній ідзе з Расеі і Кітаю.
Камэнтары прэзыдэнта Байдэна, на думку экспэртаў, сьведчаць пра гатоўнасьць Белага дому больш рашуча адказаць на кібэратакі, колькасьць якіх толькі ўзрасла пасьля сустрэчы Джо Байдэна і Ўладзімера Пуціна ў Жэнэве, дзе прэзыдэнт ЗША запатрабаваў ад прэзыдэнта Расеі зрабіць больш для перадухіленьня кібэратакаў з тэрыторыі Расеі.
Масква абвінавачаньні ва ўмяшаньні ў выбары ў іншых краінах і ў кібэратаках традыцыйна адмаўляе.
- Прамежкавыя выбары ў Палату прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША — ніжнюю палату амэрыканскага парлямэнту — заплянаваныя на лістапад 2022 году. На іх абяруць 435 кангрэсмэнаў і 9 прадстаўнікоў сталічнай акругі Калюмбія і астраўных тэрыторыяў.