Ежы Гедройць нарадзіўся ў Менску, правёў тут першыя дзесяць гадоў жыцьця, пайшоў у школу.
У 1919-м сям’я пераехала ў Варшаву, дзе хлопец скончыў гімназію імя Яна Замойскага. Пасьля вывучаў юрыспрудэнцыю і гісторыю ў Варшаўскім унівэрсытэце. У часе навучаньня захапіўся палітычнай дзейнасьцю, быў кіраўніком студэнцкай карпарацыі Patria і арганізацыі Koło Międzykorporacyjne. Працаваў у замежным аддзеле Галоўнага камітэту Польскага зьвязу моладзі.
Служыў рэфэрэнтам у Міністэрстве сельскай гаспадаркі і кіраваў аддзелам у Міністэрстве прамысловасьці і гандлю. Паралельна займаўся публіцыстычнай дзейнасьцю — рэдагаваў Dzień Akademicki, штодзённы дадатак да Dzień Polski, які наўзебаве зьмяніў назву на Bunt Młodych. У 1936-м Ежы Гедройць памяняў назву часопіса на Polityka, зрабіўшы яго тыднёвікам.
З пачаткам Другой усясьветнай вайны ў 1939 годзе Гедройць эвакуаваўся ў Румынію. У 1941-м выехаў у Стамбул, дзе запісаўся на вайсковую службу. Адправіўся ў Палестыну і ўступіў у Асобную брыгаду карпацкіх стралкоў. Удзельнічаў у лібійскай кампаніі і баях за Табрук. У 1944–1945 гадах працаваў у вучэбным цэнтры бранятанкавых войскаў у Італіі, пасьля чаго стаў дырэктарам Эўрапейскага дэпартамэнту Міністэрства інфармацыі польскага ўраду ў Лёндане.
У 1946 годзе Гедройць на распараджэньне генэрала Ўладыслава Андэрса заснаваў у Рыме выдавецтва для дэмабілізаваных жаўнераў — Літаратурны інстытут. На наступны год установа пераехала ў Францыю, дзе зь цягам часу пачала функцыянаваць як цалкам незалежная.
У 1947-м Інстытут выпусьціў першы нумар часопіса «Культура». Часопіс сабраў вакол сябе найвыбітнейшых польскіх публіцыстаў і пісьменьнікаў і неўзабаве зрабіўся найважнейшым выданьнем паваеннай польскай эміграцыі ды лідэрам думак. Прынцыповай пазыцыяй часопіса і яго галоўнага рэдактара было разуменьне, што палякі мусяць падтрымліваць памкненьні да свабоды й незалежнасьці ўсходніх суседзяў — літоўцаў, беларусаў і ўкраінцаў.
Ежы Гедройць быў аўтарам тэрміну «расстралянае адраджэньне» — так ён назваў анталёгію ўкраінскай літаратуры. Гедройць казаў: «Калі б нехта спытаў мяне пра маю радзіму, я б адказаў, што гэта Ўсходняя Эўропа».
Усё жыцьцё Ежы Гедройць захоўваў увагу да Беларусі. У 1998 годзе выйшаў адмысловы «беларускі» нумар часопіса «Kultura», а ў ліставаньні з Сакратам Яновічам ён горача падтрымаў вылучэньне на атрыманьне Нобэлеўскай прэміі кандыдатуры Васіля Быкава. У 1990-я гады карэспандэнтам «Культуры» быў журналіст Радыё Свабода Сяргей Дубавец.
- 100-годзьдзе з дня нараджэньня выбітнай асобы адзначалася ў 2006 пад эгідай UNESCO.
- У Менску ў мікрараёне Брылевічы ёсьць вуліца Ежы Гедройця.
- Ягоным імем названая літаратурная прэмія, якая таксама сьведчыць пра ўнёсак беларуска-польскага дзеяча ў двухбаковыя культурныя стасункі. Прэмія імя Ежы Гедройця ўручаецца з 2012 году за найлепшую кнігу ў жанры мастацкай i дакумэнтальнай прозы і лічыцца галоўнай незалежнай літаратурнай узнагародай Беларусі.
Пераможцы прэміі Ежы Гедройця:
- Павал Касьцюкевіч, «Зборная РБ па негалоўных відах спорту» (2012);
- Уладзімер Някляеў, «Аўтамат з газіроўкай з сыропам і без» (2013);
- Ігар Бабкоў, «Хвілінка: Тры гісторыі» (2014);
- Віктар Казько, «Час зьбіраць косьці» (2015);
- Макс Шчур, «Завяршыць гештальт» (2016);
- Зьміцер Бартосік, «Быў у пана верабейка гаварушчы» (2017);
- Уладзімер Арлоў, «Танцы над горадам» (2018);
- Ільля Сін, «Libido» (2019);
- Сяргей Дубавец, «Тантамарэскі» (2020).