Тым самым Вашынгтон далучыўся да шырокай групы саюзьнікаў, у тым ліку зь ліку краінаў NATO, якія раней асудзілі Пэкін за кібэратакі па ўсім сьвеце, піша The New York Times.
Паводле заявы Белага дому, амэрыканская адміністрацыя ўпершыню абвінаваціла Кітай у тым, што ён плаціць злачынным групам за арганізацыю маштабных узломаў, у тым ліку за хакерскія атакі з выкарыстаньнем праграм-вымагальнікаў — з мэтай узбагачэньня на мільёны даляраў.
Раней у сувязі з кібэратакай у сакавіку, калі былі ўзламаныя дзясяткі тысяч кампутараў і сетак па ўсім сьвеце, кампанія Microsoft паказала на хакераў, зьвязаных зь Міністэрствам дзяржаўнай бясьпекі Кітаю.
Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен ў заяве, зробленай 19 ліпеня, падкрэсьліў, што гэтае кітайскае ведамства спрыяла стварэньню цэлай «хакерскай экасыстэмы», удзельнікі якой праводзяць як апэрацыі, фундаваныя дзяржавай, так і злачынную дзейнасьць дзеля ўласнай фінансавай выгады.
Пра нейкія меры стрыманьня супраць КНР у адказ на кібэратакі ЗША пакуль не абвяшчаюць.
The New York Times адзначае, што такія сур’ёзныя абвінавачаньні на адрас Кітаю з боку NATO і Эўразьвязу — падзея рэдкая, бо дзяржавы, якія ўваходзяць у гэтыя аб’яднаньні, вельмі неахвотна зьвяртаюцца да публічнай крытыкі на адрас свайго галоўнага гандлёвага партнэра.
Улады ЗША раней неаднаразова абвінавачвалі Расею — як яе ўлады, так і хакерскія групоўкі, якія дзейнічаюць зь яе тэрыторыі — у маштабных кібэратаках, у адказ на якія Вашынгтон увёў шэраг санкцый супраць Масквы. Уводзячы гэтыя санкцыі і дамагаючыся асуджэньня дзеяньняў Кітаю сваімі саюзьнікамі, адміністрацыя прэзыдэнта Байдэна глыбей, чым калі-небудзь раней у сучаснай гісторыі, пагружаецца ў «лічбавую халодную вайну» з двума сваімі асноўнымі геапалітычнымі супернікамі, падкрэсьліваюць аўтары публікацыі ў New York Times.
І Масква, і Пэкін катэгарычна адмаўляюць сваё дачыненьне да кібэратакаў.