Журналісты
18 траўня Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў прыйшоў зь ператрусамі ў рэдакцыю, рэгіянальныя структуры, да журналістаў і рэдактараў найбольш папулярнага беларускага інтэрнэт-парталу Tut.by. Адбыліся ператрусы таксама ў рэдакцыях сумежных бізнэсаў — Av.by, Rabota.by.
У справе Tut.by затрымалі паўтара дзясятка журналістаў і іншых супрацоўнікаў.
З 8 ліпеня ў Беларусі пачалася хваля рэпрэсій у адносінах да журналістаў. У гэты дзень затрымалі галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» Ягора Марціновіча, галоўнага рэдактара «Нашай гісторыі» Андрэя Дынько, кіраўніка аддзелу рэклямы і маркетынгу Андрэя Скурко, галоўнага бухгальтара Вольгу Раковіч. Усе яны праходзяць падазраванымі паводле ч.1 арт. 342 КК (падрыхтоўка ці арганізацыя дзеяньняў, што груба парушылі грамадзкі парадак, або ўдзел у іх).
Хваля рэпрэсій працягнулася, у наступныя 10 дзён прайшлі 63 ператрусы ў супрацоўнікаў СМІ і рэдакцыях.
Затрыманыя дзевяць супрацоўнікаў СМІ:
- Ягор Марціновіч, галоўны рэдактар «Нашай Нівы»
- Андрэй Скурко, кіраўнік аддзелаў рэклямы і маркетынгу «Нашай Нівы»
- Андрэй Дынько, галоўны рэдактар часопіса «Наша гісторыя»
- Вольга Раковіч, бухгальтар «Нашай Нівы» (адпусцілі 16 ліпеня)
- Ігар Ільяш, «Белсат»
- Алег Грузьдзіловіч, пазбаўлены ў 2020-м акрэдытацыі МЗС Беларусі журналіст Радыё Свабода ў 2020-м
- Інэса Студзінская, пазбаўленая ў 2020-м акрэдытацыі журналістка Радыё Свабода ў 2020-м
- Алесь Дашчынскі, пазбаўлены ў 2020-м акрэдытацыі журналіст Радыё Свабода
- Ганна Галёта, «Белсат».
Спартовага журналіста і нападаючага «Крумкачоў» Аляксандра Івуліна затрымалі сьпярша па адміністрацыйным артыкуле, але пасьля «сутак» ён ня выйшаў на волю, высьветлілася, што ён падазраваны ў крымінальнай справе.
12 студзеня сілавікі затрымалі мэдыямэнэджара Андрэя Аляксандрава, ён падазраваны ў арганізацыі дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ва ўдзеле ў іх. Яго вінавацяць у аплаце штрафаў пацярпелым ад рэпрэсій.
Яшчэ ў студзені затрымалі супрацоўнікаў «Прэс-клюбу» — заснавальніцу Юлію Слуцкую, праграмнага дырэктара Алу Шарко, фінансавага дырэктара Сяргея Альшэўскага, кіраўніка «Акадэміі Прэс-клюбу» Сяргея Якупава, апэратара Пятра Слуцкага, сябру Каардынацыйнай рады Ксенію Луцкіну. Крымінальная справа — ухіленьне ад выплаты падаткаў.
З пачатку году не спыняюцца рэпрэсіі ў рэгіёнах, ператрусы прайшлі амаль ва ўсіх незалежных рэгіянальных выданьнях. За кратамі гарадзенскі журналіст Дзяніс Івашын, ягоны стан здароўя пагоршыўся.
Такім чынам, ад пачатку году ў журналістаў прайшло каля 107 ператрусаў, адбылося каля 120 затрыманьняў журналістаў. Журналістам прысудзілі каля 46 тысяч рублёў штрафаў па адміністрацыйных артыкулах. За кратамі знаходзяцца 33 супрацоўнікі СМІ.
Крымінальны перасьлед па «палітычных» артыкулах
Ад пачатку году беларускія суды асудзілі 539 чалавек па «палітычных» артыкулах. Гэта вынікае з дадзеных праваабаронцаў. Праваабаронцы, якія прысутнічалі на працэсах, засьведчылі шэраг парушэньняў прынцыпаў справядлівага судовага разбору, працэсуальных правоў і гарантый абвінавачаных.
Праваабаронцы
14 ліпеня сілавікі правялі ператрусы ў офісах праваабарончых ды іншых няўрадавых арганізацый, а таксама па месцы жыхарства праваабаронцаў.
Пасьля ператрусаў па ўсёй Беларусі былі затрыманыя грамадзкія дзеячы і актывісты, якія рашэньнем праваабарончай супольнасьці прызнаныя палітычнымі вязьнямі. Агулам новых палітвязьняў 12 чалавек:
- Алесь Бяляцкі, кіраўнік «Вясны»
- Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны»
- Валянцін Стэфановіч, сябра рады «Вясны»
- Сяргей Сыс, праваабаронца «Вясны» і журналіст
- Алена Лапцёнак, праваабаронца «Вясны» (на волі)
- Андрэй Палуда, праваабаронца «Вясны» (на волі)
- Віктар Сазонаў, праваабаронца «Вясны»
- Марына Статкевіч, былая сябра «Вясны»
- Яўгенія Бабаева, праваабаронца (на волі)
- Ніна Лабковіч, дырэктарка аб’яднаньня інвэстараў Angels Band
- Мікола Шарах, кіраўнік ячэйкі свабоднага прафсаюзу з Полацку (на волі)
- Сяргей Мацкевіч, цэнтар «Супольнасьць» (на волі)
Сілавікі рабілі ператрусы ў праваабаронцаў у Берасьці, Горадні, Воршы, Мазыры, Гомлі, Полацку, Барысаве, Смаргонях. Зь ператрусам прыйшлі ў арганізацыі: Праваабарончы цэнтар «Вясна», Фонд імя Льва Сапегі, Саюз беларускіх пісьменьнікаў, Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына», Офіс эўрапейскай экспэртызы і камунікацыі, у выданьне «Імёны», BEROC, у офіс руху «За свабоду», у офіс лябараторыі «Новак», Офіс дапамогі і падтрымкі занятасьці моладзі «ЮларКансалт», у офіс Партыі БНФ і да эканаміста Яраслава Раманчука.
Такім чынам, ператрусы адбыліся ў дзясятках няўрадавых арганізацый. Яшчэ ў студзені затрымалі праваабаронцаў Леаніда Судаленку і Тацяну Ласіцу. Тады ж ДФР распачаў праверку Офіса па абароне правоў людзей з інваліднасьцю. 2 лютага па абвінавачваньні ў махлярстве быў узяты пад хатні арышт яго старшыня Сяргей Драздоўскі, а юрыст арганізацыі Алег Граблеўскі зьмешчаны пад варту ў СІЗА. Цяпер за кратамі як мінімум 10 праваабаронцаў.
Адвакаты
Ад пачатку году ўлады актыўна перасьледуюць адвакатаў, якія аказваюць прававую падтрымку палітзьняволеным. Агулам ліцэнзій пазбавілі мінімум 20 беларускіх адвакатаў. Сярод іх Сяргей Зікрацкі (абараняў журналістаў у судах), Максім Конан, Канстанцін Міхель, Людміла Казак (абараняла Марыю Калесьнікаву) і Міхаіл Кірылюк, Антон Гашынскі (абараняў палітоляга Віталя Шклярава і Сафію Сапегу). Дзьмітрыя Лаеўскага (абараняў Віктара Бабарыку) выключылі зь Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў.