Так экспэрты адрэагавалі на рашэньне Нацыянальнага банку Беларусі падняць стаўку да 9,25% гадавых.
Эўразійскі банк разьвіцьця нагадвае, што стаўка рэфінансаваньня расьце на фоне паскарэньня інфляцыйных працэсаў. Паводле беларускіх уладаў, па выніках году інфляцыя складзе 9%, хоць першапачаткова гаварылася ня болей чым пра 5%.
«Падвышэньне стаўкі разам з павелічэньнем разьліковых велічынь стандартнай рызыкі будзе стрымліваць спажывецкую і інвэстыцыйную актыўнасьць», — гаворыцца ў штотыднёвым аглядзе эканомік краін апэрацый ЭАБР.
Пры гэтым у банку дапускаюць, што паказьнік стаўкі рэфінансаваньня можа вырасьці яшчэ мацней.
«Мы дапускаем далейшае падвышэньне стаўкі рэфінансаваньня сёлета, аж да 10% (і нават вышэй пры пэўных умовах), калі рэалізуюцца інфляцыйныя рызыкі і гадавая інфляцыя замацуецца блізу 10%», — адзначаюць у ЭАБР.
Зрэшты, у гады максымальнага разгону інфляцыі ў Беларусі стаўка рэфінансаваньня была нашмат большай — перавышала 20% і нейкі час даходзіла нават да 25%.